Зяленскі: Украіне патрэбныя 50 мільёнаў лямпачак і генератары

Генератары "гэтак жа неабходныя Украіне, як бронетэхніка і бронекамізэлькі" / pixabay
Генератары "гэтак жа неабходныя Украіне, як бронетэхніка і бронекамізэлькі" / pixabay

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіне патрэбныя мільёны энергазберагальных лямпачак, каб справіцца з нападамі на энергасістэму краіны. Паводле яго слоў, цяпер генератары патрэбныя Украіне не менш, чым бронетэхніка і бронекамізэлькі, цытуе ВВС.

Такую заяву Зяленскі зрабіў на міжнароднай канферэнцыі ў Парыжы, якую арганізавалі, каб абмеркаваць дапамогу Украіне гэтай зімой.

Ракетныя ўдары Расіі па энергасістэме Украіны пакінулі мільёны людзей без электрычнасці. Украіна абвінавачвае РФ у выкарыстанні халадоў як зброі супраць цывільнага насельніцтва.

Паводле слоў Зяленскага, праз ваенную агрэсію ва Украіне не хапае ў сярэднім каля 2,5 гігавата электраэнергіі. Але пастаўка ў краіну 50 мільёнаў светладыёдных лямпачак, якія спажываюць менш энергіі, чым традыцыйныя лямпачкі, зэканоміць каля гігавата электраэнергіі. І тады дэфіцыт зменшыцца прыкладна на 40%.

Зяленскі заявіў, што краіне тэрмінова неабходна больш генератараў, а таксама спецыялізаванае абсталяванне для рамонту энергетычнай інфраструктуры. На генератары разлічваюць у тым ліку бальніцы і іншыя медыцынскія ўстановы. 

Паводле яго слоў, аднаўленне энергасістэмы Украіны абыдзецца прыкладна ў 1,5 млрд еўра. Падчас канферэнцыі была дасягнутая дамоўленасць аб вылучэнні Украіне 1 млрд еўра, дадае ВВС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі