"Зялёныя" абскардзяць папярэджанне ад Мінюста ў Вярхоўным Судзе
Вярхоўны Суд Беларусі / "Минск-Новости"
Беларуская партыя "Зялёныя" накіравала ў Вярхоўны Суд скаргу на пісьмовае папярэджанне, якое вынес Мінюст. Папярэджанне датавана 14 кастрычніка. Чыноўнікаў не задавальняе, што ў партыі няма рэгіянальных аддзяленняў у большасці абласцей, і тое, што кіраўнік "Зялёных" Дзмітрый Кучук падпісаўся пад калектыўным зваротам 10 партый з заклікам спыніць гвалт і правесці новыя выбары.
Абедзве прэтэнзіі "Зялёныя" плануюць аспрэчыць.
"...у загадзе аб вынясенні папярэджання Беларускай партыі "Зялёныя" не ў поўнай меры адлюстраваны стан спраў аб рэгістрацыі рэгіянальных структур партыі. Не ўлічваецца тое, што ў цяперашні час партыя, нягледзячы на вельмі складаную фінансавую сітуацыю і ва ўмовах пандэміі каранавіруса COVID-19, якая развіваецца, актыўна займаецца стварэннем рэгіянальных структур і згодна з устаноўленымі тэрмінамі ажыццявіць гэтыя дзеянні да 31 снежня 2020 года", — гаворыцца ў накіраванай у ВС скарзе, копію якой Еўрарадыё перадаў кіраўнік партыі.
Таксама "Зялёныя" настойваюць, што Дзмітрый Кучук меў права падпісвацца пад калектыўным зваротам партый ад імя ўсіх сваіх партыйцаў.
"Зялёныя" — адна з пяці партый, якія нядаўна адмовіліся падаць у Мінюст поўную інфармацыю пра сваіх сябраў. Міністэрства абвясціла пра тое, што некаторыя партыі папярэджаныя за гэта, але афіцыйных папер наконт гэтага "Зялёныя" пакуль не атрымлівалі.
Калі беларуская партыя атрымае другое папярэджанне на працягу года, яе дзейнасць можа быць прыпыненая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.