Zygimont Vaza “Аграмегаполіс”

Новы, 11-ы альбом некалі культавых Zygimont Vaza пачаў запісвацца яшчэ ў 2008 годзе. Матэрыял для яго быў гатовы яшчэ раней і, нават, гучаў на канцэртах. Што праўда, з тых часоў гурт не падаваў аніякіх прызнакаў жыцця і ўжо паспеў забыцца. Але ці не гэты факт і становіцца вызначальным у праслухоўванні кружэлкі “Аграмегаполіс”. Безліч абсалютна розных эмоцый: ад звычайных успамінаў да здзіўлення (аказваецца, у нас такая музыка таксама ёсць). 

Моц падачы, тлустае гучанне, бруднаватыя гітары і прыблюзаваныя рыфы стылістычна ды па агульным настроі нагадваюць больш цяжкія трэкі ZZ Top. Хоць запісы амерыканскіх блюз-рокераў больш лагодныя і вылізаныя, а аранжыроўкі значна багацейшыя. Але у барадачэй няма надарванага “вазаўскага” вакалу, які выгадна адрознівае беларусаў брутальнасцю і харызматычнасцю.

Заўважна, што тэксты песень пісаліся яшчэ ў тыя часы, калі “сацыяльшчына” была асноўнай тэматыкай беларускіх рок-твораў. Але Zygimont Vaza не спявае ў лоб: гэта лайно, а гэта цукерка. Праўда, асаблівай мудрагелістасці таксама няма. Сюжэты трэкаў могуць тычыцца не толькі нашай, але і любой іншай краіны. Сарказм, падколкі ды гумар тэкстаў таксама схіляюць ў бок гурта.

Адзінае стылістычнае адхіленне альбома —трэк “Аграмегаполіс”. Тут палова песні — крамяны хард, а палова — боса-нова. Гэта зусім не робіць нумар лепшым на альбоме, і не таму яго зрабілі загалоўным. Проста “Аграмегаполіс” сапраўды вельмі добра характаразуе агульную ідэю дыска, калі, канешне, нам удалося яе злавіць.

Нягледзячы на тое, што на дыску толькі 8 трэкаў, агульная працягласць гучання альбома — амаль гадзіна. Прычым, выбраць найбольш хітовыя ці правальныя песні немагчыма. Альбом атрымаўся вельмі роўным, ці, як гэта прынята казаць у аграмегаполісе — стабільным. Шкада толькі, што 11-ы дыск Zygimont Vaza лідар гурта Сяргей “Скрыпа” Скрыпнічэнка называе апошнім.

Трэк-ліст:

01 - Краіна

02 - Пінокіа

03 - Банальшчына

04 - Восень

05 - Аграмегаполіс

06 - Немцы

07 - Вячоркі

08 – Пустыя вочы

Склад гурта:

Сяргей “Скрыпа” Скрыпнічэнка (вакал, гітара)

Кастусь Калеснікаў (бас)

Антон Мацулевіч (бубны)

Удзел у запісе:

Павел Яноўскі (гітара)

Запіс, звядзенне, майстарынг: Павел Яноўскі, студыя “Таксафон”

Тэгі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі