13-гадовы віцеблянін у Мінску скакаў па даху аўто і кідаўся пад колы (фота)
Віцебскі падлетак, якому праз два месяцы споўніцца 14 гадоў, быў затрыманы ў Мінску за неадэкватныя паводзіны: ён скакаў на вуліцы па даху аўтамабіля і кідаўся пад колы. Пра гэты дзіўны выпадак распавядае адзін з чытачоў партала Onliner.by.
У пятніцу позна ўвечары мужчына вяртаўся на машыне з Бараўлянаў дадому. На Лагойскім тракце з-за машын, прыпаркаваных ля праезнай часткі, на дарогу выскачыў чалавек. Кіроўца паспеў зрэагаваць і затармазіў. Тады пешаход заскочыў на яго машыну і прабег па ёй ад пачатку капота да канца даху, пасля чаго рынуўся ў бок Севастопальскага парка. Гэта быў падлетак, апрануты не па надвор’і — чырвоная майка, спартовыя штаны і пры гэтым басаногі.
Кіроўца аўто, якое атрымала пашкоджанні, выклікаў міліцыю і апісаў хлопца. Падлетка даволі хутка знайшлі ў прыватным сектары: ён быў без штаноў і мыўся пад калонкай. Як высветлілася, хлопец быў з Віцебска, аднак невядома што ён рабіў у сталіцы. Яго даставілі ў лякарню. Мяркуецца, што гэтыя неадэкватныя ўчынкі ён здзейсніў пад уздзеяннем псіхатропаў.
Фота: Onliner.by