181 тысячу тон брудных рэчываў летась выкінулі ў атмасферу Мінска
У параўнанні з папярэднімі гадамі іх колькасць скарацілася.
За 2014 год у атмасферу Мінска выкінулі 181,2 тысячы тон забруджвальных рэчываў — такія дадзеныя падае Белстат. Пры гэтым летась ступень забруджанасці паветра ў сталіцы выявілася самай нізкай за апошнія 5 гадоў: у 2013 годзе маса выкідаў у атмасферу склала 185,6 тысячы тон, а ў 2012 — 236,5 тысячы тон.
Летась было зафіксавана 3 дні, калі назіралася перавышэнне ў паветры сталіцы дапушчальнай нормы ўтрымання цвёрдых часціц, 11 дзён — з перавышэннем нормы аксіда вугляроду, 13 дзён — з перавышэннем дыяксіда азоту.
У адным Мінску выкіды брудных рэчываў у атмасферу большыя, чым ва ўсёй Брэсцкай вобласці (179,6 тысячы тон) і Гродзенскай вобласці (166,2 тысячы). У цэлым па краіне выкіды за 2014 год склалі 1 мільён 343,6 тысячы тон, перадае БелаПАН.