19-24 градусы цяпла будзе ў панядзелак у Беларусі
Пераменная воблачнасць чакаецца ў Беларусі ў панядзелак, 16 красавіка. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
На большай частцы тэрыторыі краіны будзе пераважна без ападкаў. Толькі ў другой палове дня месцамі ў паўночна-заходніх раёнах пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Зранку ў некаторых раёнах магчымы слабы туман. Вецер чакаецца паўночна-заходні, уначы слабы, удзень умераны.
Слупок тэрмометра ўначы пакажа +6...+12 градусаў, удзень — ад 19 да 24 вышэй за нуль. Найбольш цёпла будзе па паўднёвым захадзе — да 25-27 градусаў.