19 лютага ў Беларусі пачнуць дзейнічаць новыя тарыфы на допуск да дарожнага руху
19 лютага пачнуць дзейнічаць новыя тарыфы на допуск да дарожнага руху. Як інфармуе БЕЛТА, адпаведны ўказ №53 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 15 лютага.
Так, за прыём тэарэтычнага кваліфікацыйнага іспыту на права кіравання механічным транспартным сродкам плата павялічыцца ў шэсць разоў — 0,3 базавай велічыні замест ранейшых 0,05. За практычны кваліфікацыйны іспыт на права кіравання матацыклам замест ранейшых 0,05 базавай давядзецца выкласці з кішэні ў 14 разоў больш — 0,7 базавай. Практычны іспыт на кіраванне іншым механічным транспартным сродкам (за выключэннем мапеда) будзе каштаваць 1 базавую велічыню (раней 0,1). Выдача новага талона да пасведчання кіроўцы таксама падаражэе ў 10 разоў — 0,5 базавай велічыні замест ранейшых 0,05.
Таксама паведамляецца, што павялічваецца і памер дзяржаўнай пошліны, шырока вядомай пад назваў "падатак на аўтамабіль". Так, за легкавы аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай ад 1,5 да 2 т давядзецца заплаціць 6 базавых велічыняў, 8 базавых — за легкавы аўтамабіль ад 2 да 3 т, грузавы аўтамабіль, аўтамабіль-цягач і грузапасажырскі аўтамабіль з дазволенай максімальнай вагой не больш за 2,5 т. Пошліну ў 11 базавых будзе каштаваць легкавы аўтамабіль з масай, большай за 3 т, прычэп з масай, большай за 0,75 т, а 12 базавых — аўтобус з колькасцю пасадачных месцаў да 20 уключна.