19:34 Гонкі на квадрацыклах у Мядзельскім раёне

Невядомыя аматары экстрыму ўчынілі днямі гонкі на квадрацыклах па тэрыторыі санаторыя “Нарач”, што ў Мядзельскім раёне. Падрабязнасці ў рэпартажы нашага карэспандэнта Змітра Панямонава з Маладзечна. “Гонкі на квадрацыклах па тэрыторыі санаторыя “Нарач”, што ў Мядзельскім раёне, ўчынілі днямі невядомыя аматары экстрыму. У выніку былі моцна пашкоджаныя прыступкі сходаў ад санаторыя да ўзбярэжжа возера Нарач.

Паведамілі пра парушальнікаў санаторнага спакою на пульт дзяжурнаму мядзельскай дзяржаўтаінспекцыі работнікі курортнай установы. Але затрымаць “лесвічных вандалаў” па гарачых слядах міліцыянерам не ўдалося.

Па словах начальніка ДАІ Андрэя Чарняўскага, квадрацыклы ёсць у двух мясцовых жыхароў. Абодва адмаўляюць свой удзел у гонках, а сведкаў, якія б пазналі хаця б аднаго з іх, няма. Не адхіляюць інспектары і версіі, што гэта мог быць хтосці з прыезджых. Па звестках, часта гэтыя мясціны на сваіх квадрацыклах наведваюць жыхары Мінска.

З адміністрацыі санаторыя паступіла афіцыйная заява аб здарэнні. Там спадзяюцца, што вінаватыя ў разбурэнні сходаў будуць знойдзеныя, і іх вымусяць заплаціць за рамонт. Распачалося следства."

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі