200-кілаграмовы торт у Гродне падзялілі на 4000 чалавек
Адзін з гіпермаркетаў Гродна вырашыў арыгінальна адзначыць сваю гадавіну. Кандытары падрыхтавалі велізарны 200-кілаграмовы торт, выкладзены літарай "П". Меркавалася, што торт разрэжуць на кавалкі і раздадуць усім ахвочым. Пра акцыю шырока паведамлялася.
У выніку, як паведамляе "Белсат", на паяданне бясплатнага торту сабралося каля 4000 чалавек. Пераважна гэта былі сем’і з дзецьмі. Аўтамабілі занялі ўсю стаянку каля гандлёвага цэнтру.
Пасля ўрачыстай прамовы пачалася раздача торта. Гэтае дзеянне ледзь не перарасло ў штурханіну, бо значную частку натоўпу складалі дзеці.
Маркетолаг гіпермаркета і арганізатар імпрэзы Хрысціна Стасюк адзначае прафесіяналізм аховы. Хаця з натоўпа часта было чуваць слёзы і крыкі, але ніводнае дзіця не пацярпела.