27 ліпеня беларуская дэлегацыя прыбудзе ў Маскву на перамовы наконт газу
У Маскве 27 ліпеня беларуская дэлегацыя правядзе чарговыя перамовы наконт кошту на газ, паведамляе ria.ru. Узначаліць яе віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.
Канфлікт вакол цаны на пастаўкі расійскага газу ў Беларусь цягнецца ад пачатку года. Расійскі бок заяўляе, што беларускія спажыўцы недаплочваюць. На мінулым тыдні міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што запазычанасць Беларусі за расійскі газ дасягнула 270 мільёнаў долараў.
Афіцыйны Мінск не прызнае такой запазычанасці і настойвае на пераглядзе тарыфаў. Цяперашнюю кантрактную цану ў 132,77 долара за тысячу кубаметраў беларускі бок называе несправядлівай. Расійскі бок лічыць, што да зняцця рознагалоссяў аплату неабходна праводзіць па кантрактнай цане.