6 фактаў пра нафту, якую здабываюць у Беларусі

6 фактаў пра нафту, якую здабываюць у Беларусі

У Беларусі знайшлі новае радовішча нафты. Яно знаходзіцца на тэрыторыі Гомельскай вобласці і атрымала назву "Вугальскае".  Мінулы раз у Беларусі знаходзілі вялікае радовішча нафты ў жніўні 2015-га года, у Рэчыцкім раёне. Да таго — у чэрвені 2014-га, пад Хойнікамі. А яшчэ раней — адразу некалькі радовішчаў у 2013-м годзе.

Не заўжды, але часта навіны пра новыя знаходкі ў нетрах Палесся з'яўляюцца на фоне інфармацыі пра тое, што Беларусь і Расія не дамовіліся наконт паставак нафты. Але ці могуць нетры выратаваць Беларусь, калі расіне вырашыць "прыкруціць вентыль"? Еўрарадыё сабрала шэсць фактаў пра беларускае "чорнае золата".

* Аб'ём новага радовішча, якое атрымала назву "Вугальскае", ацэньваецца ў 1 млн 695 тысяч тон нафты. Калі заўтра пачаць яе здабычу і выкачаць усю цалкам, гэтага радовішча двум беларускім НПЗ хопіць менш чым на месяц.

* Беларусь здабывае каля 1,6 млн тон нафты за год. Наша краіна забяспечвае сябе нафтай прыкладна на 7%.

* 1 млн 695 тысяч тон нафты — гэта 12,4 млн барэляў. Нафта, знойдзеная ў "Вугальскім" радовішчы, каштуе $704 млн долараў (па кошце нафты маркі Urals па катыроўках на дзень 3 студзеня).

* "Беларуснафта" вядзе здабычу нафты і газа на 78 радовішчах. 60 з іх — у Беларусі, 13 — у Венесуэле, 5 — у Расіі. На беларускіх радовішчах зробленая амаль тысяча свідравін.

* Нафту ў Беларусі здабываюць з 1965 года. Асноўная здабыча сканцэнтраваная ў Прыпяцкім прагіне (Гомельская вобласць). За 51 год распрацоўкі з нетраў выкачалі больш за 130 млн тон нафты.

* У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка скардзіўся, што ўсю беларускую нафту выкачалі яшчэ пры СССР: "дзеля зорачкі на лацкане, дзеля чагосьці". "Ну хто нас тады гнаў у шыю качаць з нашых нетраў па 9 млн тон з лішнім нафты штогод? Нашто?" — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка. Што праўда, па звестках "Белнафтахіма", максімальны ўзровень здабычы нафты зафіксаваны ў 1975 годзе і склаў 7,96 млн тон. Пасля здабыча рэзка зніжаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі