7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)

Паводле афіцыйных дадзеных, на вайне ва Украіне загінулі мінімум сем грамадзян нашай краіны. Амаль што ўсе яны ваявалі за “ДНР” і “ЛНР”. З боку тых, хто быў у шэрагах узброеных сіл Украіны, вядома пра гібель толькі аднаго грамадзяніна Беларусі — Алеся Чаркашына. Ён ваяваў у ДУК “Правага сектара” і быў смяротна паранены пад Старагнатаўкай. Чаркашыну зрабілі некалькі аперацый, але ён не выжыў. “Тараса” (такі пазыўны быў у мужчыны) пахавалі на Радзіме ў Брэсце на пачатку верасня 2015-га года.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Алесь Чаркашын

Чаркашыну было 32. У Брэсце ён быў добра вядомым дзеячам апазіцыі. А да вайны на Усходзе Украіны навучаўся ў Таўрыйскім хрысціянскім інстытуце Херсона. Блізкім Чаркашын тлумачыў частыя і доўгатэрміновыя адлучкі ва Украіну навучаннем у інстытуце.

У праваахоўных органах Беларусі адзначаюць, што сярод беларусаў, якія ваююць ва Украіне, істотная частка мае крымінальнае мінулае. Ёсць такі нюанс і ў біяграфіі Алеся Чаркашына. Па дадзеных МУС Беларусі, у 2005 годзе ён быў асуджаны за крадзеж мабільніка ў брэсцкім дыскабары. У той жа час знаёмыя Чаркашына апісваюць яго як рэлігійную і творчую асобу.

На вайну разам з расійскім зяцем

28-гадовы Вадзім Савішчаў, які ваяваў за “ДНР”, загінуў напрыканцы 2015 года падчас уваходу у пасёлак Камінтэрнава. Чалавек, зарэгістраваны ў сацыяльных сетках як Дмитрий Сакерин, паведаміў, што яго таварыша “разарвала мінай напалам”.

Савішчаў фігуруе ў СМІ як мінчанін, які адслужыў у Беларусі тэрміновую вайсковую службу ў спецназе. Аднак яго шлях на вайну пачаўся са шлюбу з расіянкай, бацька якой ваяваў на баку сепаратыстаў у “ДНР”. Неўзабаве ў Данецкую вобласць паехаў і Вадзім, якога ў хуткім часе прывезлі ў труне.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Вадзім Савішчаў

Як загінуў сябар Яўгена Пацюка, якога затрымалі пад Папасным

Па сацыяльных сетках шырока разышлося відэа з удзелам ураджэнца Барысава Яўгена Пацюка, якога дапытваюць ўкраінскія вайскоўцы. Баец з “ЛНР” прабыў ў няволі некалькі месяцаў, але потым быў абменены і вярнуўся ў Расію. Падчас допыту ён расказвае пра гібель свайго земляка, чыё імя не называе.

Аказалася, што гутарка вядзецца пра жыхара Гродзенскага раёна Сяргея Н., які ў свой час таксама служыў у мінскім спецназе. Мужчыну забілі пад пасёлкам Каменава. Сяргей Н. атрымаў аскепкавыя раненні галавы і грудной клеткі з пераломам чэрапа і рэбраў ды пашкоджаннямі ўнутраных органаў. Пахаванне адбывалася ў адной з вёсак Гродзенскага раёна. Туды прыехалі саслужыўцы загінулага з некалькіх гарадоў краіны. Некаторыя падчас пахавання выказалі намер адпомсціць за таварыша. Аднак пасля праведзенай з імі прафілактычнай работы ад гэтага адмовіліся.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Сяргей Н. разам з Яўгенам Пацюком

Мяркуючы па старонцы Сяргея Н. у сацыяльнай сетцы, ён ваяваў “За Святую Русь” і лічыў спецназы Беларусі і Расіі адной і той жа з’явай.

Вайна і крымінальнікі

За многімі беларусамі, якія ваююць на баку “ДНР” і “ЛНР”, цягнецца крымінальны шлейф. Напрыклад, у загінулага ўраджэнца Асіповічаў Сяргея Сцебіхава (мянушка “Вараг”) як мінімум тры судзімасці.

У “Наваросіі” Сцебіхаў, як паведамлялася, падарваўся на расцяжцы. Яго забіла аскепкам у шыю. Дагэтуль захавалася старонка Сцебіхава ў сацсетцы. Яна аформленая статусам “За Русь Святую!!!”.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Сяргей Сцебіхаў

Паведамлялася пра гібель яшчэ аднаго ўраджэнца Магілёўшчыны, Яўгена Конанава (пазыўны “Кот”). Ён з'ехаў з Беларусі ў 2008-м і жыў у Расіі. У “ДНР” Конанаў даслужыўся да падпалкоўніка і, як лічыцца, быў правай рукой Аляксандра Захарчанкі. Ёсць неправераная інфармацыя, што ў Расіі Конанаў раней быў асуджаны да пазбаўлення волі.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Яўген Конанаў у цэнтры

Як паведамлялася, “Ката” застрэліў снайпер-дыверсант прама ў цэнтры Данецка. Існуе альтэрнатыўная версія, што смерць яго стала вынікам унутраных разборак. Трэцяя версія — Конанаў не быў забіты. Беларускія праваахоўныя органы не атрымалі дакладнага пацвярджэння яго смерці.

Труп сваякі не бачылі. На пахаванне іх не пусцілі, была выстащлена ахова. Магчыма, ён жывы, а інфармацыю пра гібель запусцілі, каб потым чалавек змяніў свае дадзеныя і пачаў новае жыццё.

Лёс прафесійнага спецназаўца: ехаў на джыпе і падарваўся

33-гадовы Вадзім Васілеўскі падарваўся на фугасе 3 ліпеня 2015 года. Ён быў маёрам спецназу ў запасе. А ў апошнія гады гандляваў разам з бацькам аўтазапчасткамі. Канчаткова сувязі з сілавымі ведамствамі Васілеўскі не разарваў. Ён працаваў пры БФСТ “Дынама” і, як кажуць яго сваякі, трэніраваў замежных байцоў.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)

У СМІ паведамлялася, што Васілеўскі ваяваў на баку “ДНР” каля года. Пахавалі яго ў вёсцы Зарэчча Мінскай вобласці. Карані ж мужчыны — з суседняй вёскі Засулле. Ля мясцовай царквы сустракаемся з роднымі цёткамі Вадзіма Васілеўскага. Яны пераконваюць, што пляменнік не ваяваў на Усходзе Украіны.

“Ён загінуў у Луганскай вобласці. Яны везлі гуманітарную дапамогу. Вылецеў ён туды 1 ліпеня, а здарылася гэта праз два дні. Дадому ён павінен быў вярнуцца 13-га ліпеня. Дык пра які ўдзел у вайне гаворка? — абураюцца сваячкі Вадзіма Васілеўскага. — За тры тыдні да смерці яго сястра брала ў Беларусі шлюб. Вадзім на там прысутнічаў, адпачываў, весяліўся…”

Жанчыны апісваюць жахлівыя акалічнасці гібелі пляменніка:

“Вадзім сядзеў наперадзе ў джыпе. На міну наехалі, і ўсё. Жонка ездзіла туды апазнаваць. Прывезлі труну, запаяную цынкам. Твару не было, ног не было, жывот быў успораты. Ваенны хірург казаў, што наехаў на такую міну, якая вырывае ўнутраныя органы”.

Ва Украіне загінуў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі, якога таксама завуць Вадзім Васілеўскі (яму было 40). Гэтага чалавека пахавалі на Заходніх могілках пад Мінскам. Аднак ён меў расійскі пашпарт, даўно з’ехаў з Беларусі і жыў у Калінінградзе.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)

Паехалі будаўнікамі ў Расію, былі завербаваныя

У студзені 2014-га года у Данецкай вобласці загінуў жыхар Брэста Дзмітрый К. У “ДНР” ён праваяваў блізу чатырох месяцаў.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Дзмітрый К.

“Нібыта стаяў у каравуле, загінуў нібыта з-за выбуховай хвалі. Але нічога дакладна не вядома. Забіраць яго ездзілі блізкія. Ён пахаваны ў Брэсце”, — апавядае Павел, блізкі сябар Дзмітрыя К.

Мужчыну было 26 гадоў. За пяць месяцаў да гібелі ён выехаў у Маскву на заробкі (Дзмітрый займаўся аддзелачнымі работамі ў кватэрах). У хуткім часе яго завербавалі ў “ДНР”.

Такі самы лёс паўтарыў жыхар Магілёўшчыны Аляксандр М. У студзені 2015-га года ён загінуў каля вёскі Рэдкадуб Данецкай вобласці. Аляксандру было 26, ён пахаваны на Радзіме.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)

Пачалося з таго, што мужчына прыехаў на заробкі ў расійскі Падольск разам з сябрамі. Там іх завербавалі. Аляксандр загінуў праз тры дні пасля прыезду ў “ДНР”. Некалькі яго сяброў вярнуліся ў Беларусь, а адзін, Уладзімір Я., дагэтуль ваюе, спасылаючыся на тое, што за дызертырства яго могуць расстраляць.

7 гісторый беларусаў, якія загінулі на вайне ва Украіне (фота)
Уладзімір Я. выжыў і працягве выстаўляць свае вайсковыя фота на старонцы ў сацсетцы

***

Колькасць загінулых беларусаў, якія ваявалі ў Данецкай і Луганскай абласцях, можа быць значна большай.

У праваахоўных органах Беларусі лічаць, што ўсе смерці нашых землякоў на вайне ва Украіне абсалютна бессэнсоўныя. Тыя ж грамадзяне, якія выжылі і вернуцца на Радзіму, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах 132 (“Вярбоўка, навучанне, фінансаванне і выкарыстанне наёмнікаў”) і 133 (“Наёмніцтва”) Крымінальнага кодэксу Беларусі. За названыя злачынствы прадугледжанае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 15 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі