7000 чалавек засталіся без гарачай вады з-за МАЗа, які пашкодзіў газаправод

7000 чалавек засталіся без гарачай вады з-за МАЗа, які пашкодзіў газаправод

Надзвычайнае здарэнне адбылося каля 12-й гадзіны 28 чэрвеня на заводзе ААТ "Краснасельскбудматэрыялы" ў г.п. Краснасельскі. Ратавальнікам паведамілі, што там прарваўся газаправод, інфармуе прэс-служба Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.

Праз сем хвілін падраздзяленне ратавальнікаў было на месцы здарэння. Высветлілася, што праз прахадную завода ехаў МАЗ-5516 з узнятым кузавам. За рулём аўтамабіля быў 55-гадовы кіроўца. Падняты кузаў пашкодзіў газавую трубу дыяметрам 219 мм, а таксама дзве суседнія трубы, якія не эксплуатуюцца. З-пад вентыля засаўкі пачалася ўцечка газу. Каб недапусціць яе, спецыялісты "Ваўкавыскгазу" перакрылі яго падачу ў трубаправод.

Дарэчы, кавалкамі трубаў былі пашкоджаныя тры прыватныя легкавыя аўтамабілі, якія знаходзіліся на стаянцы за тэрыторыяй завода.

Аварыя на газаправодзе пацягнула адключэнне ад газазабеспячэння міні-ЦЭЦ, якая сілкуе гарачай вадой і электразабеспячэннем адзін з васьмі філіялаў прадпрыемства. Часова без падагрэву вады засталіся жыхары пасёлка Краснасельскі, дзе пражывае 6744 чалавекі.

На месцы працуе камісія па надзвычайных сітуацыях са спецыялістаў прадпрыемства. Праводзяцца рамонтна-аднаўленчыя работы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі