ААН б'е трывогу: мільёны людзей могуць сутыкнуцца з голадам
Свет можа сутыкнуцца з голадам / pixabay
Уварванне Расіі ва Украіну неўзабаве можа павярнуцца наступствамі на рынку харчавання і выклікаць глабальны крызіс, які можа доўжыцца гадамі.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што вайна пагоршыла сітуацыю з харчовай бяспекай ў бяднейшых краінах, цытуе ВВС. Некаторыя з краінаў могуць стукнуцца з працяглым голадам, калі экспарт Украіны не адновіцца да даваеннага роўня.
Канфлікт перапыніў пастаўкі з украінскіх партоў, якія некалі экспартавалі велізарную колькасць алею і збожжавых. Паводле дадзеных ААН, сусветныя цэны на прадукты харчавання выраслі прыкладна на 30%.
Выступаючы ў Нью-Ёрку, Гутэрыш сказаў, што ўварванне Расіі ва Украіну ў спалучэнні з наступствамі змены клімату і пандэміяй “пагражае паставіць дзясяткі мільёнаў людзей на мяжу адсутнасці харчовай бяспекі”.
“Цяпер у нашым свеце досыць ежы, калі мы будзем дзейнічаць разам. Але калі мы не вырашым гэтай праблемы сёння, у найблізкія месяцы нам пагражае глабальная нястача прадуктаў”, — дадаў ён.
Гутэрыш папярэдзіў, што адзіным эфектыўным выхадам з крызісу з'яўляецца вяртанне аб'ёмаў ўкраінскай вытворчасці прадуктаў харчавання, а таксама ўгнаенняў, што вырабляюцца ў Расіі і ў Беларусі, на сусветны рынак.
Да вайны Украіна лічылася міравой жытніцай і экспартавала праз свае парты 4,5 мільёна тон сельскагаспадарчай прадукцыі ў месяц. Паводле дадзеных ААН цяпер ва Украіне захрасла каля 20 мільёнаў тон збожжа папярэдняга ўраджаю. Калі яго атрымаць, гэта дапаможа вырашыць крызіс на рынку харчавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.