Абаронцу парка Катоўка зачапіў трактар, міліцыя склала пратакол

Абаронцу парка Катоўка зачапіў трактар, міліцыя склала пратакол

7 снежня ў мінскім парку Катоўка, які жыхары навакольных дамоў і валанцёры працягваюць абараняць ад вырубкі, трактар зачапіў чалавека. Удар прыйшоўся па каленках ззаду, мужчына ўваліўся ў коўш, распавяла Еўрарадыё актывістка таварыства "Зялёная сетка" Ганна Дапшавічутэ.

"Мясцовы жыхар стаяў спінай да экскаватара, калі той ехаў па зялёнай зоне, і не бачыў, што ён едзе. Коўш быў крыху прыўзняты. І, атрымліваецца, гэтым каўшом экскаватар трапіў яму па каленках".

Пацярпелы мужчына пачаў кульгаць і пэўны час трымаўся за каленкі. На месца здарэння выклікалі машыну хуткай дапамогі. Усё гэта адбылося на вачах міліцыянтаў, якіх валанцёры выклікалі раней, каб зафіксаваць парушэнні пры вырубцы зялёнай зоны. Праваахоўнікі склалі пратакол і па факце гэтага здарэння.

Відэа: Дзяніс Зелянко, "Зялёны партал".

"Там чалавек 30 мясцовых жыхароў і актывістаў, а побач з імі ходзіць чалавек з уключанай бензапілой, на адлегласці ў 20 сантыметраў, — працягвае Ганна Дапшавічутэ. — Я не ведаю, якія ў яго былі матывы. Але ён хадзіў з уключанай бензапілой з аднаго месца ў другое, а мы ходзім за ім і кажам: выключыце безнапілу. А ён не выключае!"

Парк Катоўка ў Мінску бароняць ад вырубкі з лета. Гарадскія ўлады дазволілі пабудаваць на месцы дрэваў каталіцкі храм, тамтэйшыя і эколагі выступілі супраць знішчэння зялёнай зоны. Аднак касцёл не адмовіўся ад праекту, спаслаўшыся на тое, што ў будаўніцтва ўжо ўкладзена шмат грошай прыхаджанаў.

7 снежня рабочыя з тэхнікай і бензапіламі прыйшлі ў парк каля 7:30 раніцы і паспелі спілаваць некалькі дрэваў. Аднак праз нейкі час пасля здарэння з мужчынай, якога зачапіў трактар, яны згарнуліся і з'ехалі з Катоўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі