Абласны суд падтрымаў рашэнне па скандальнай справе “аб пераломе чэрапа”

У панядзелак, 25 жніўня, Мінскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Сяргея А., які не быў згодны з рашэннем суда Барысаўскага раёна па гучнай справе “аб пераломе чэрапа”.

Але скарга не была задаволеная.

Сяргей А. — той самы мужчына, які на Дзень Рэспублікі 2012 года канфліктаваў з суседам. У выніку сусед апынуўся на асфальце з праламанай галавой, але пацярпеламу ўдалося выжыць. Праўда, наступствы для здароўя дагэтуль адчувальныя: тугавухасць, абмежаваная магчымасць адчуваць пахі і смак, забарона на кіраванне аўто і гэтак далей. 

Замест таго каб распачаць крымінальную справу, барысаўскі ўчастковы ад самага пачатку “высветліў”, што Сяргей А. ні ў чым не вінаваты. Пры гэтым сваякі пацярпелага Андрэя Голубева мяркуюць, што справа разглядалася неаб’ектыўна, і нават былі фальсіфікацыі ў дакументах. Урэшце праз паўгода пасля здарэння пацярпелы дамогся, што Следчы камітэт крымінальную справу распачаў. Але гэта быў вельмі пакручасты шлях да ісціны.

Мужчыну праламілі чэрап, а яго крыўдзіцель нават не заплаціў штраф

Спачатку Сяргей А. пазбег хоць якой-небудзь адказнасці. Справу то закрывалі, то аднаўлялі. Ужо пазней праваахоўнікі прызналі, што следчыя займаліся цяганінай. У выніку справа была спыненая ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці па артыкуле 155 Крымінальнага кодэкса.

Тым не менш вінаватасць з Сяргея А. не знялі, што дало магчымасць Андрэю Голубеву падаць на яго грамадзянскую позву. Такім чынам суд Барысаўскага раёна прысудзіў выплаціць пацярпеламу каля 66 мільёнаў рублёў кампенсацыі за лячэнне, маральныя страты і разнастайныя выдаткі. Хутчэй за ўсё гэта не канчатковая сума.

Вінаваты па справе пазбегнуў крымінальнай адказнасці, двое следчых прыцягнуты да адказнасці

Сяргей А. падаў касацыйную скаргу на такое рашэнне ў Мінскі абласны суд.

“На разглядзе Сяргею А. далі слова, ён выказаў свой пункт гледжання: я не вінаваты, я нічога не рабіў, ён быў п’яны, я проста штурхнуў, ён пакаціўся. Я, відаць, падобны да паветранага шарыка. Суд касацыйную скаргу не задаволіў”, — паведаміў Андрэй Голубеў Еўрарадыё адразу пасля пасяджэння ў абласным судзе.

Раней Еўрарадыё стала вядома пра тое, што за цяганіну ў расследаванні справы два супрацоўнікі барысаўскага Следчага камітэта атрымалі дысцыплінарныя спагнанні. Ці працягвае працаваць з людзьмі ўчастковы, які першым праводзіў праверку і не выявіў вінаватасці Сяргея А., пакуль невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі