Абвешчаная афіцыйная прычына смерці іракскага мігранта каля мяжы
У тэлесюжэце на канале "Беларусь 1" абвешчаная прычына смерці іракскага мігранта, якога выявілі каля Беняконяў недалёка ад мяжы з Літвой.
На яго целе выявілі сляды не менш як 30 удараў. Галоўны дзяржаўны судмедэксперт Юрый Аўсіюк заявіў, што мужчыну білі, верагодна, палкамі ці дубінкамі: "Усе траўмы прычыненыя цвёрдымі тупымі прадметамі, у тым ліку прадметамі прадаўгаватай формы, да якіх адносяцца палкі. Магчыма, гэта былі і спецсродкі ў якасці дубінак. Пашкоджанні нанесеныя з вялікай сілай".
Эксперт дадаў, што асноўныя сляды ўдараў — на руках і нагах. А вось жыццёва важныя органы мужчыны пашкоджаныя не былі.
"Сыходзячы з практыкі нашай, магу сказаць, што яны ўжываліся людзьмі, якія ведалі, куды біць... // Няма пашкоджанняў жыццёва важных органаў — унутраных органаў, галаўнога мозгу. У асноўным яны засяроджаныя на канцавінах. Але маюць такі вялізны выгляд, што і стала прычынай смерці", — паведаміў Аўсіюк.
Як паведамлялася раней, 39-гадовага мігранта з Ірака знайшлі каля Беняконяў. Памежнікі паведамілі, што мужчына быў у цяжкім стане і памёр у іх на руках. Сёння ў Беларусь, як перадавалі дзяржСМІ, прыбылі сваякі загінулага іракца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.