Абвясцілі прысуд па справе аб хабарах у Фондзе сацабароны і Нацбанку
18 красавіка абвясцілі прысуды па справе аб карупцыі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы, у Нацбанку і кампаніі “БелАВМ”. 8 чалавек атрымалі ад 2 да 8 гадоў пазбаўлення волі — за дачу і атрыманне хабараў, за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Працэс праходзіў у судзе Ленінскага раёна Мінска.
Як паведамляе БЕЛТА, былую кіраўніцу Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Людмілу Бачыла асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Былы начальнік упраўлення інфарматызацыі арганізацыі Віталь Старавойтаў пакараны 3 гадамі пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Былы старшыня праўлення ЕРІП Алег Верамейчык атрымаў 5 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Супрацоўнік Нацыянальнага банка Анатоль Мароз асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў і штраф (9800 рублёў). Яшчэ адна супрацоўніца Нацбанка Кацярына Паўлоўская атрымала такі ж тэрмін, толькі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф (7350 рублёў).
2 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымаў былы кіраўнік кампаніі “БелАВМ” Дзмітрый Ронін. Намеснік гендырэктара “БелАВМ” Мікалай Рамановіч асуджаны на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Два гады абмежавання волі атрымаў супрацоўнік кампаніі Леанід Гарбачэўскі.
Пачатак крымінальнай гісторыі адносіцца да снежня 2016 года, калі была затрыманая Людміла Бачыла падчас атрымання хабару (20 тысяч долараў) ад Дзмітрыя Роніна. Гэта была “падзяка” за садзейнічанне ў прызнанні “БелАВМ” пераможцам аукцыёну па набыцці абсталявання для патрэб фонду. Больш падрабязна гл. тут.