Ад 1992-га да 2019-га: як расказвалі пра БНР у падручніках гісторыі розных гадоў
Так выглядаў падручнік па гісторыі Беларусі 1992 года выдання / калаж Еўрарадыё
Мы вывучылі падручнікі па гісторыі Беларусі для дзявятых класаў і расказваем, як у розныя гады школьнікам тлумачылі, што такое БНР. Вы здзівіцеся плюралізму, які мы знайшлі ў гэтых навучальных дапаможніках.
А калі хочаце, каб дзеці лепш ведалі гісторыю, — дапамагайце адказваць на пытанні ў канцы параграфа. Вось яны на самай справе адрозніваюцца ад года да года.
1992 год: без ліста кайзеру, але з высновамі пра ролю ў фармаванні самасвядомасці
У 1992 годзе ўсё пачыналася з колеру. Падручнік па гісторыі Беларусі выглядаў даволі прадказальна.
Праз 14 гадоў пра падзеі 1918 года будуць расказваць больш стрымана. У падручніку напішуць, што ва ўмовах наступу германскіх войскаў кіраўнікі Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту пакінулі Мінск. Уладу ўзяў у свае рукі Выканкам Рады БНР.
У 1992 годзе ў аўтараў падручніка гісторыі для 8–9 класаў было больш эмоцый. Яны пісалі, што Аблвыканкамзах "ва ўмовах дэмабілізацыі і развалу фронту бальшавікамі" не змог арганізаваць абарону беларускага краю ад нямецкіх акупантаў.
"Уночы на 19 лютага яны ўцяклі з Мінска, і ўладу ўзяў у свае рукі Выканкам Усебеларускага з'езда", — гаворыцца ў падручніку.
Асаблівая ўвага аддаецца зместу ўстаўных грамат БНР. Аўтары тлумачаць школьнікам, што на аснове гэтых дакументаў удалося аб'яднаць нават ідэалагічных апанентаў — меншавікоў і эсэраў, — якія раней выступалі супраць будаўніцтва нацыянальнай беларускай дзяржавы.
"Граматы паказвалі, што Рада БНР бярэ курс на ўсталяванне ў Беларусі дэмакратычных асноў грамадскага ладу <...>. Пачалося прымірэнне былых палітычных праціўнікаў", — расказвае падручнік пра дэмакратычныя пачаткі ў 1918-м.
Пра самае балючае ў гэтай тэме пытанне — ліст кайзеру Вільгельму — пачынаюць расказваць здалёк. Спярша аўтары падручніка тлумачаць, чым быў для Беларусі Брэсцкі мір, па якім частка зямель перадавалася Германіі і Аўстра-Венгрыі. Яны павінны былі вырашаць лёс гэтых тэрыторый "у згодзе з пажаданнямі насельніцтва".
"У беларускіх нацыянальных арганізацыях расла надзея на дапамогу Германіі ў будаўніцтве дзяржаўнасці Беларусі", — кажуць аўтары падручніка.
У трэцяй Устаўной грамаце Рада патрабавала перагляду ўмоў Брэсцкага міру, патрабавала, каб БНР самастойна падпісала мірнае пагадненне як з германа-аўстрыйскім бокам, так і з савецкімі ўладамі. І спадзявалася аб'яднаць у адной дзяржаве ўсе беларускія тэрыторыі.
Аўтары падручніка расказваюць пра лаяльнае стаўленне германскіх уладаў да культурнай дзейнасці Рады БНР: адкрыліся беларускія школы, Беларускі педагагічны інстытут, было створана Бюро па напісанні падручнікаў і "Асвета" для іх выдання. БНР атрымала магчымасць выступаць на міжнароднай арэне: прадстаўніцтвы з'явіліся ва Украіне, Літве і Савецкай Расіі. Дыпмісіі — у Варшаве, Берліне, Берне, Капенгагене.
Стварыць беларускае войска акупацыйныя ўлады не дазволілі.
"Рада ўсё ж ускладала надзеі на афіцыйнае прызнанне Германіяй незалежнасці БНР і перадачу ўсёй паўнаты ўлады ў рукі беларускіх прадстаўнікоў. На гэтай глебе ўзнік палітычны крызіс Рады. З яе складу выйшлі прадстаўнікі некаторых партый і арганізацый", — пішуць аўтары падручніка.
Той самы ліст нямецкаму кайзеру, без якога не абыдзецца параграф пра стварэнне БНР у падручніках наступных гадоў, тут не згадваецца. Параграф заканчваецца высновай: у выніку неспрыяльных знешнепалітычных і ўнутраных умоў першая спроба арганізацыі беларускай дзяржаўнасці завяршылася няўдала.
У многіх падручніках наступных гадоў гэтая выснова паўтараецца. Але мала дзе можна прачытаць іншую выснову аўтараў 1992 года:
"Абвяшчэнне БНР, дзейнасць яе Рады аказалі значны ўплыў на рост нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Акт аб незалежнасці Беларусі прымусіў бальшавіцкі ўрад перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да яе і перайсці да стварэння хай і абмежаванай у правах, але беларускай савецкай дзяржаўнасці", — рэзюмуюць аўтары падручніка.
Гэта значыць, без БНР не было б БССР. Гэтай высновы ўжо праз дзесяць гадоў у падручніках рабіць не будуць.
Пытанні ў канцы параграфа. "Чым займалася рада БНР? Значэнне БНР у гісторыі беларускага народа".
1997 год: баланс усім на зайздрасць
Падручнік 1992 года выйшаў пад рэдакцыяй беларускіх навукоўцаў, гісторыкаў Віталя Фаміна і Уладзіміра Сідарцова. Праз пяць гадоў да гэтага калектыву далучыўся іх калега Панаў. У 97-м падручнік абнавіўся — і, магчыма, стаў нават больш узважаным.
Аўтары падручніка выбіраюць больш спакойную танальнасць расказу і наогул імкнуцца рабіць менш высноў і прыводзіць больш фактаў.
Тэкст параграфа раз-пораз разбіваюць устаўкі "Гістарычны факт", "Гістарычны дакумент", "Гістарычны партрэт", "Пункт гледжання".
Аўтары падручніка расказваюць і пра тое, што пад акупацыяй удавалася адкрываць беларускія школы і інстытут, і пра тое, што частка дзеячаў БНР накіравалі прывітальную тэлеграму Вільгельму.
Складальнікі падручніка знайшлі спосаб расказаць пра гэты факт такім чынам, што ў іх і сёння можна было б павучыцца ўзважанасці ў адлюстраванні падзей. Аўтары спачатку працытавалі тэлеграму, зрабіўшы рэмарку — "Гістарычны дакумент".
За ім ішла следам яшчэ адна рэмарка — "Пункт гледжання":
— На аснове гэтага дакумента частка гісторыкаў лічыць, што дзеячы БНР апынуліся ў ролі здраднікаў беларускага народа, таму што бачылі магчымасць дасягнення незалежнасці Беларусі толькі ў саюзе з германскімі акупантамі.
І тут жа школьнікам прапануецца адказаць на пытанне: ці падтрымліваеце вы гэты пункт гледжання?
Пасля таго як школьнікі дадуць сабе адказ на гэтае пытанне, складальнікі падручніка знаёмяць іх яшчэ з двума пунктамі гледжання. Расказваюць пра тое, што частка гісторыкаў лічыць, што БНР была "дзяржавай на паперы". А іх калегі-апаненты мяркуюць, што "БНР, будучы зародкам дзяржаўнага ўтварэння, была спробай увасобіць у жыццё нацыянальную дэмакратычную дзяржаўнасць".
Школьнікам таксама прапануюць азнаёміцца з вытрымкамі з тэкстаў другой і трэцяй устаўных грамат. У падручніку з'яўляюцца карцінкі — а з імі, вядома, і герб "Пагоня".
Пытанні ў канцы параграфа. "Што вам вядома пра жыццё і дзейнасць дзеячаў БНР? Якія тэрыторыі, на думку дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, павінны былі быць уключаныя ў склад БНР? Паспрабуйце растлумачыць такі падыход".
2006 год: "Пункт гледжання" і дадатковыя матэрыялы
Падручнік за 2006 год таксама імкнецца падзяляць факты і меркаванні. Там застаюцца асаблівым чынам аформленыя абзацы — "Пункт гледжання".
І публікуецца меркаванне аднаго з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Тамаша Грыба. Ён быў міністрам земляробства і выйшаў з сакратарыята БНР на знак пратэсту супраць адпраўкі тэлеграмы кайзеру Вільгельму.
"Я, народны сакратар земляробства, пратэстую супраць такой тэлеграмы германскаму манарху ад імя ўсяго беларускага народа і лічу здрадай рэвалюцыйнаму сацыялізму ўваходзіць у саюз з манархам і аддаваць у апеку імперыялістычнай буржуазнай Германіі наш шматмільённы працоўны сялянскі народ", — гаворыцца ў заяве.
У падручніку менш, чым у 1992 годзе, расказваецца пра асноўныя палажэнні ўстаўных грамат БНР. Замест гэтага іх паказваюць: публікуюцца вытрымкі з другой і трэцяй грамат у графе "Дадатковыя матэрыялы". Уважліваму вучню дастаткова прачытаць гэтыя вытрымкі, каб зразумець каштоўнасці, на якіх планавалася пабудаваць БНР.
У падручніку за гэты год рэзюмуецца: абвяшчэнне незалежнасці БНР было заканамерным вынікам дзейнасці лідараў беларускіх палітычных партый. Але падкрэсліваецца: "БНР была толькі зародкам дзяржаўнага ўтварэння і не была падтрымана большасцю насельніцтва Беларусі. Ідэя стварэння беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах нямецкай акупацыі засталася фактычна нерэалізаванай".
Пытанні ў канцы параграфа. "Дакажыце, што ідэя стварэння БНР засталася няздзейсненай".
2019-ы: усё яшчэ два супрацьлеглыя меркаванні
Над падручнікам 2019 года выпуску працаваў той самы калектыў аўтараў, які напісаў "Гісторыю Беларусі" для 9 класа ў 1997 годзе.
Шмат у чым гэты дапаможнік даслоўна паўтараў падручнік 97 года. Толькі ў ім з'явілася больш спасылак на гістарычныя дакументы і — вы не паверыце — яшчэ больш плюралізму.
Так, напрыклад, у ім далі слова аднаму з дзеячаў Рады БНР Язэпу Лёсіку, і ён растлумачыў, чаму частка палітыкаў напісалі ліст кайзеру. У 1930 годзе ён успамінаў:
"Мы разумелі, што нямецкая акупацыя не трывалая, часовая і што тэлеграма Вільгельму нам патрэбна была для беларускай нацыянальнай справы <...>. Нам неабходна было крычаць на ўсю Еўропу, што Беларусь жыве і патрабуе свайго месца сярод народаў".
Тут жа прыводзіцца і цытата Тамаша Грыба, які раскрытыкаваў адпраўленне гэтай тэлеграмы. А школьнікам прапануецца зрабіць выснову: чаму гэтая ініцыятыва была так негатыўна ўспрынятая часткай дзеячаў БНР.
Самім зрабіць выснову! Так, гэта яшчэ ёсць у сучаснай беларускай школе.
Пытанні пасля параграфа. Дакажыце, што ў 1918 годзе Беларусь стала аб’ектам знешняй палітыкі іншых дзяржаў. Выкажыце меркаванне, чаму абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка атрымала такую назву?
Менавіта па гэтых падручніках школьнікі працягваюць вывучаць гісторыю Беларусі ў 9 класе. Гэта значыць, атрымаўшы атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы, яны цалкам сабе змогуць растлумачыць значэнне БНР — і нават прывесці два супрацьлеглыя меркаванні.
Галоўнае — задавацца правільнымі пытанні пасля параграфа. А па магчымасці параўноўваць падручнікі розных гадоў.
Мы будзем рабіць гэта за вас і наступным разам раскажам, як змяняўся выклад гістарычных фактаў па іншых тэмах у розныя гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.