Ад пачатку года прытулак у Беларусі атрымала звыш тысячы грамадзян Украіны

Людзі з усходу Украіны мараць знайсці прытулак у спакойнай Беларусі і… пішуць лісты ў ЛДПБ. Просяць дапамагчы перабрацца з усходу Украіны ў нашую краіну. Па словах намесніка кіраўніка партыі Алега Гайдукевіча, толькі за апошнія тры месяцы на іх электронную пошту прыйшло каля 200 такіх лістоў.

Цікава іншае: у Беларусі некалькі дзясяткаў палітычных партый і грамадскіх арганізацый — чаму людзі звяртаюцца па дапамогу ў ЛДПБ, а не, да прыкладу, у АГП ці “Белую Русь”? Як даведаліся пра Гайдукевіча і кампанію?

Алег Гайдукевіч: “Я думаю, людзі ад адчаю пішуць усім. Хтосьці паглядзеў, якія палітычныя партыі ёсць у краіне і якія, да прыкладу, маюць добрыя адносіны як з Расіяй, так і з Еўропай. Нехта інтэрнэт пачытаў. Думаю, яны і нам напісалі, і ў прэзідэнцкую адміністрацыю, і Саўмін, і ў іншыя інстанцыі”.

І ўсім, сцвярджае ліберал-дэмакрат, адказалі, падказалі, куды лепш найперш звяртацца.

Алег Гайдукевіч: “Мы адказваем так: “Калі вы хочаце прыехаць у Беларусь — вось пакет дакументаў, інструкцыі, як гэта зрабіць афіцыйна і законна. А калі хочаце, потым звяртайцеся да нас, і мы дапаможам з працаўладкаваннем — у нас ёсць добрыя кантакты з кіраўнікамі нейкіх нашых прадпрыемстваў”. Падыходзім па-чалавечы”.

                                            Алег Гайдукевіч

Еўрарадыё вырашае праверыць, ці сапраўды дзяржорганы Беларусі заваленыя лістамі жыхароў усходніх рэгіёнаў Украіны з просьбай пра прытулак у нашай краіне.

У Палату прадстаўнікоў такіх лістоў ад грамадзян Украіны не прыходзіла, расчароўвае кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення парламента Мікалай Ліс. Не прыгадвае, каб такія звароты паступалі ў Міністэрства замежных спраў і кіраўнік прэс-службы беларускага замежнапалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык. Праўда, прызнае кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, у прэзідэнцкую адміністрацыю такія лісты прыходзілі.

Аляксей Бягун: “Мы таксама штодня атрымліваем такія лісты, і Адміністрацыя прэзідэнта такія лісты атрымлівае. Але не магу сказаць, што іх вялізная колькасць, проста вал”.

Па інфармацыю наконт пераезду ў Беларусь пераважна звяртаюцца беларусы — каб вярнуцца на этнічную радзіму. У пераважнай большасці справа далей за цікавасць наконт працэдуры эміграцыі не ідзе — не так лёгка на гэта наважыцца.

Знайшло Еўрарадыё і аднаго з тых, хто шукаў дапамогі ў ЛДПБ. Па словах жыхара пасёлка Камісараўка Луганскай вобласці Яўгена Германенкі, на адным з беларускіх рэсурсаў яму на вочы трапіўся зварот гэтай партыі да Аляксандра Лукашэнкі з “заклікам перасяляць ахвочых у Гомельскую і Брэсцкую вобласці”. Знайшоў сайт партыі і напісаў. Праўда, пасля “дапамогі” пачаў думаць пра тое, каб ехаць не ў Беларусь, а ў Расію.

Яўген Германенка: “Крыху няправільна я напісаў, і яны даслалі адказ: “У чым менавіта павінная быць дапамога?” Я напісаў, што трэба дапамога, каб прыехаць-з’ехаць адсюль, і ўсё — адказу больш не было. Пачалі з жонкай разглядаць іншыя варыянты, з тым жа Растовам — ад нас ён бліжэйшы за ўсё”.

У Камісараўцы Яўген працуе кіроўцам, а ў Беларусі мае шмат сваякоў, і бацька жыве ў Рэчыцы. Але Беларусь бацька траіх дзяцей абраў не з гэтай прычыны, а з больш меркантыльнай.

Яўген Германенка: “Я чуў, што ў вёсцы можна ўладкавацца на працу, і могуць даць хатку нейкую — найперш на гэта і разлічвалі”…

У раёне Камісараўкі цяпер ціха — антытэрарыстычная аперацыя там не праводзіцца. Чым жа тлумачыць беларус Яўген Германенка жаданне кінуць нажытае?

Яўген Германенка: “Вы ж ведаеце, што адбываецца, — Нацгвардыя, “Правы сектар”… Я за сябе, канечне, хвалююся, але не так моцна, як за дзяцей: хацелася б, каб дзеці нармальна жылі. А мне падаецца, што наш украінскі ўрад, які цяпер там сфармаваны, ён жа не дасць Луганскай рэспубліцы так проста аддзяліцца”.

На пытанне, чаму ён так упэўнены ў небяспецы, шчыра адказвае: “Ну, вы ж тэлевізар гледзіце, бачыце, якія зверствы яны твораць у іншых месцах?” Што за каналы глядзіць Яўген, карэспандэнт Еўрарадыё нават удакладняць не стаў пасля слоў пра “фосфарныя бомбы і забітую ў парку жанчыну”.

Дарэчы, па словах кіраўніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксея Бегуна, з пачатку года на пастаяннае месца жыхарства з Украіны ў Беларусь прыехала крыху больш за тысячу чалавек. Гэта, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, не нашмат больш, чым да нас з гэтай краіны эмігравала людзей і ў іншыя перыяды.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі