Ад ускладненняў пасля COVID-19 памёр экс-прэзідэнт Францыі Валеры Жыскар д'Эстэн
Экс-прэзідэнт Францыі Валеры Жыскар д'Эстэн / Reuters
У ноч на чацвер у сваім сямейным доме на захадзе Францыі памёр былы французскі прэзідэнт Валеры Жыскар д'Эстэн, паведамляе Le Figaro са спасылкай на атачэнне палітыка.
"Смерць адбылася ў выніку рэзкага пагаршэння стану яго здароўя, ён памёр ад COVID-19", — гаворыцца ў заяве сям'і палітыка.
У верасні ён апынуўся ў шпіталі, як тады казалі, "з лёгачнай інфекцыяй", прайшоў курс лячэння. Аднак у сярэдзіне лістапада Жыскар д'Эстэн зноў быў шпіталізаваны ў адну з бальніц горада Тура — гэтым разам у сувязі з сардэчнай недастатковасцю.
Сям'я паведаміла, што "ў адпаведнасці з воляй Валеры Жыскар д'Эстэна, яго пахаванне пройдзе ў абмежаваным сямейным коле".
Валеры Жыскар д'Эстэн быў прэзідэнтам Францыі з 1974 па 1981 год. На момант абрання яму было 48 гадоў. У барацьбе за другі тэрмін саступіў сацыялісту Франсуа Мітэрану. Апошні раз на публіцы ён з'яўляўся ў пачатку верасня на пахаванні найбліжэйшай супрацоўніцы яшчэ з часоў прэзідэнцтва Мары-Элен Дэкамп. А да гэтага — каля года таму на пахаванні іншага экс-прэзідэнта Францыі Жака Шырака, які два гады быў яго прэм'ерам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.