“Адбылася памылка”. Тлумачым, чаму ў Рэчыцы перайменавалі вуліцу Адама Міцкевіча
У Рэчыцы вуліцу і завулак імя беларускага паэта Адама Міцкевіча перайменавалі ў гонар разведчыка НКУС Яўгена Міцкевіча. Такое рашэнне 26 сакавіка прыняў Рэчыцкі раённы савет дэпутатаў. Гэта выглядае вельмі дзіўным: навошта ў 2019 годзе называць вуліцу імем украінскага чэкіста, калі яна носіць імя выдатнага беларускага паэта?
Еўрарадыё разабралася, каму перашкодзіла вуліца імя Адама Міцкевіча ў Рэчыцы.
У Рэчыцкім райвыканкаме нам распавялі, што адбылася памылка: ніякага дачынення паэт Міцкевіч да рэчыцкай вуліцы не мае. Імя чэкіста Яўгена Міцкевіча гэтая вуліца насіла з 1959 года.
“У 2015 годзе мы прыводзілі ў адпаведнасць назвы вулічна-дарожных элементаў, — распавядае Еўрарадыё начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Рэчыцкага райвыканкама Лідыя Скакун. — Каб на шыльдах былі ўказаныя не толькі прозвішчы, але і імёны знакамітых людзей. У 2015 годзе вуліцу і перайменавалі ў Адама Міцкевіча. Ва ўсіх жа на слыху Адам Міцкевіч. Толькі яго ведаюць”.
Па словах чыноўніцы, тры гады гэтая вуліца насіла імя Адама Міцкевіча, пакуль у выканкам не звярнуўся адзін мясцовы жыхар. Ён распавёў, што на доме па вуліцы Міцкевіча вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Яўгена Пятровіча Міцкевіча, і патрабаваў, каб вуліцу перайменавалі зноў.
Яўген Міцкевіч — разведчык, які нарадзіўся ва Украіне. Са снежня 1918 па сакавік 1919 года працаваў камісарам ў Рэчыцы. Быў першым старшынёй Рэчыцкага райсавета. У 1925 годзе Міцкевіча накіравалі на нелегальную працу ў Германію. Ён памёр у 1959 годзе. Тады і з’явілася ў Рэчыцы вуліца ў гонар савецкага чэкіста.
“У той час не трэба было імён, таму вуліцу назвалі ў гонар Міцкевіча, — дадае чыноўніца райвыканкама. — У нас проста адбылася прыкрая памылка, мы яе выправілі. Звярнуліся ў архівы. Да паэта Адама Міцкевіча вуліца не мела ніякага дачынення”.
У райвыканкаме кажуць, што блытаніна з перайменаваннем вуліцы пакрыўдзіла і некаторых іншых жыхароў. Прапаноў перайменаваць вуліцу ў гонар Адама Міцкевіча ў адміністрацыю пакуль не паступала.
Дарэчы, у Рэчыцы яшчэ ёсць вуліца імя Кастуся Каліноўскага, але з ёй ўсё добра і змяняць нічога не будуць, запэўнілі Еўрарадыё ў выканкаме.