Адкуль свіная чума ўзялася ў беларускай каўбасе?
"Сітуацыя стабільная, але мы правядзем расследаванне", — кажуць у ветэрынарным дэпартаменце.
Рассельгаснагляд знайшоў геном афрыканскай чумы свіней у каўбасе ад Аршанскага мясакамбіната, а гэта значыць, што яна зробленая з хворых свіней.
"Пробы былі адабраныя ў межах маніторынгу харчовай прадукцыі, у мэтах недапушчэння распаўсюджання афрыканскай чумы свіней. Прадукцыя не дапушчаная ў рэалізацыю. Зараз будуць высвятляцца абставіны сумесна з беларускім бокам, якім чынам геном з’явіўся ў каўбасе. Гэта значыць, яна была вырабленая з сыравіны, заражанай афрыканскай чумой свіней", — тлумачаць Еўрарадыё ва ўпраўленні Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай вобласці.
Але ўдакладняюць, што іншыя свінні ад генома, выяўленага ў беларускай каўбасе, захварэць не могуць.
Адміністрацыі Аршанскага мясакансервнага камбіната пакуль не бачыла афіцыйных дакументаў ад расійскага боку.
"Наша вараная прадукцыя тэрмічна апрацоўваецца. Калі гэта афіцыйна ёсць, то ў нас усё правераць", — адказваюць на камбінаце.
У Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі абяцаюць парвесці раследаванне.
"Сітуацыя стабільная, ніякіх пытанняў няма, але мы правядзем расследаванне. Мы цяпер шмат прадаем", — кажуць у дэпартаменце.
А ў афіцыйнай заяве дэпартамента чыноўнікі ўдакладняюць, што "праводзіцца штодзённы маніторынг стану здароўя свіней", а "эпізаатычная сітуацыя на свінаводчых аб’ектах Беларусі спрыяльная".
Ці можа геном АЧС застацца ў варанай каўбасе пасля тэрмічнай апрацоўкі, ў дэпартаменце адказаць не бяруцца.
Афрыканская чума свіней не ўяўляе пагрозы для чалавека, але вельмі небяспечная для дзікіх і свойскіх свіней. Хвароба імкліва распаўсюджваецца сярод жывёл і наносіць сур'ёзны ўрон, як сельскай гаспадарцы, так і ўсёй эканоміцы.
Фота: sostavproduktov.ru