Адна допінг-проба беларускага спартсмена каштуе да 1500 еўра
Лабараторыя Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі пакуль не можа атрымаць міжнародную акрэдытацыю. Допінг-пробы найлепшых беларускіх спартсменаў накіроўваюцца для аналізу за мяжу. Найчасцей у Дрэздэн.
“Адна допінг-проба абыходзіцца нам у сярэднім каля 1000 дэнамінаваных рублёў. Сюды ўваходзяць і выдаткі на транспартаванне, і спецыяльны кантэйнер, які каштуе нятанна, і даследаванне лабараторыяй. Названая лічба — вельмі прыкладная. Калі мы робім спецыфічныя аналізы на гармон росту ці на эрытрапаэтын, сума можа падвоіцца. Па некаторых спецыфічных тэстах адзін аналіз даходзіць да 1500 еўра”, — апісвае сітуацыю для Еўрарадыё Дзяніс Мужухін, дырэктар НАДА Беларусі.
Як паказвае практыка, пасля Алімпіяд 2008 і 2012 гадоў у многіх беларускіх спартсменаў забіралі медалі. Навука шла наперад, і ў пробах праз пэўны час выяўлялі забароненыя рэчывы.
Аднак перад Гульнямі 2016 года толькі па лініі НАДА ў беларускіх алімпійцаў узялі 367 допінг-проб, якія праверылі за мяжой. Толькі адна з іх аказалася станоўчай, і найлепшы беларускі таэквандыст не паехаў на Алімпіяду.