Адны змагаюцца, іншыя жывуць сваім жыццём — Сныціна пра настроі ў зборнай
Кацярына Сныціна / Старонка Свабоднага аб'яднання спартоўцаў Беларусі ў Instagram
Спартыўная супольнасць Беларусі, як і грамадзянская супольнасць, цяпер палярызаваная, заявіла бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы — 2007, удзельніца нацыянальнай каманды Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна ў інтэрв'ю амерыканскаму выданню HuffPost. Вытрымкі з інтэрв'ю апублікавала на сваёй старонцы ў Instagram Свабоднае аб'яднанне спартоўцаў Беларусі.
"Многія спартоўцы прайшлі праз турмы. Частка з іх цяпер разлічвае на салідарнасць людзей, каб працягваць трэніроўкі, таму што спартоўцы былі выключаныя з нацыянальных каманд", — сказала яна.
Але ёсць і іншыя спартоўцы, якія, па яе словах, жывуць "сваім жыццём, быццам нічога не адбываецца за акном". У якасці прыкладу яна прывяла баскетбольную зборную, дзе адны змагаюцца за справядлівае грамадства, а іншыя проста жывуць сваім жыццём.
"Хтосьці маўчыць, хтосьці лаецца. У паветры вісіць напружанне: У кожнага баліць сэрца. Цяпер мы, гульцы, выходзім на пляцоўку ў форме са сцягам краіны, якая моцна пакутуе", — адзначыла спартоўка.
Яна таксама сказала, што абавязаная сваёй кар'ерай беларускаму народу і што гуляе для сваіх людзей. Кацярына прызналася, што ганарыцца беларусамі.
У канцы студзеня Кацярына Сныціна выставіла на інтэрнэт-аўкцыён свой бронзавы медаль Еўра-2007. Яго купілі за 10010 долараў. Гэтыя грошы баскетбалістка пералічыла ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці для спартоўцаў, якіх пераследуюць у Беларусі за грамадзянскую пазіцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.