Адразу сем чалавек судзяць у Брэсце за ўдзел у пратэстах 2020 года
Акцыя пратэсту ў Брэсце
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 11 верасня пачаўся масавы суд за ўдзел у пратэстах 2020 года, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Па справе праходзяць сем чалавек: Сяргей Філімонаў, Ігар Варановіч, Аляксандр Штык, Уладзіслаў Піскуновіч, Віталь Гіра, Яўген Мельнічук, Дзмітрый Поснікаў. Ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Брастаўчанам пагражае да васьмі гадоў калоніі.
Некаторых з падсудных раней паказвалі на праўладных тэлеграм-каналах. 25 сакавіка з'явілася відэа затрымання Ігара Варановіча: у яго кватэру прыйшлі як мінімум пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і шлемах. Мужчыну ў адной бялізне павалілі на падлогу.
Відэа з затрыманым Яўгенам Мельнічуком апублікавалі 4 красавіка. Мужчына пад прымусам сказаў, што падчас акцыі "махаў рукой" натоўпу, казаў "акружайце АМАП" і кідаў камяні.
Працэс вядзе суддзя Яўген Брэган. Як падлічылі праваабаронцы, ён вынес мінімум 24 прысуды па палітычных матывах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.