Адвакат адказаў Латушку наконт чутак аб вызваленні Бабарыкі
Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі / TUT.by
Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі адказаў Паўлу Латушку, які заявіў, што Віктар і Эдуард Бабарыкі, магчыма, вызваленыя з СІЗА КДБ і могуць знаходзіцца на Кіпры — на гэтым, нібыта, настойваў Лукашэнка.
"Што тычыцца заяваў асобных грамадзян, то дзіўна, што людзі, якія прэтэндуюць на адэкватнасць, будуюць сваю публічную рыторыку на аснове ананімнай інфармацыі з телеграм-каналаў", — адзначыў Лаеўскі ў размове з TUT.by.
Падчас стрыму са Сцяпанам Пуцілам Латушка падводзіў вынікі візіту ў Беларусь кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова. Грунтуючыся на інфармацыі сваіх крыніц Латушка расказаў, што адной з тэмаў размовы паміж Лукашэнкам і Лаўровым было вызваленне Віктара і Эдуарда Бабарыкаў.
"Прайшла інфармацыя, што Віктар Дзмітрыевіч ўжо знаходзіцца на волі. Яна не пацвердзілася па розных каналах, хаця хто яго ведае. Магчыма, у бліжэйшы час яна пацвердзіцца, таму што цяпер Лукашэнка нібыта адстойвае пазіцыю, нібыта, як кажуць нашы інсайды, пра тое, каб Віктар Дзмітрыевіч з'ехаў на Кіпр разам са сваім сынам. І гэта будзе умовай вызвалення. Але, я думаю, вельмі многае залежыць ад пазіцыі Віктара Дзмітрыевіча", — сказаў Латушка.
Па словах дачкі Віктара Бабарыкі Марыі, па справе бацькі і брата "на жаль, няма ніякіх навінаў".
Віктар і Эдуард Бабарыкі былі затрыманыя 18 чэрвеня. З тых часоў яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. 24 лістапада стала вядома, што экс-банкіру прад'яўлена абвінавачванне ў атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і адмыванні грошай. Яму пагражае да 15 гадоў турмы. КДБ паведамляе, што экс-прэтэндэнт у прэзідэнты не прызнаў сваёй віны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.