Адвакатку, абвінавачаную ў захоўванні зброі, паклалі ў шпіталь
Адвакатка Вера Арэшка не прызнае сваёй віны ў раскрыцці тайны следства і захоўванні зброі. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" распавёў старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў.
Ён дадаў, што Арэшка, якая з'яўляецца яго намесніцай у кіраўніцтве калегіі адвакатаў, знаходзіцца на лячэнні ў шпіталі. "Перажытае адбілася на яе здароўі. Але мы будзем ёй дапамагаць", — патлумачыў Швакаў.
Арэшка з'яўляецца адвакаткай былога галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача. На яе пачалі крымінальную справу за раскрыццё тайны следства і захоўванне зброі. Паводле заяваў ГУБАЗіК, жанчына раскрыла звесткі з крымінальнай справы Галавача трэцім асобам. Пры папярэднім следстве ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter і патроны да яго. Высветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а ў адвакаткі не было законных падставаў для валодання ёю.
Калегія адвакатаў заявіла, што плануе абараняць калегу.