Адзін беларус прадаў нырку за адпачынак у Егіпце, іншы — за скутэр
Беларус прадаў нырку дзеля арганізацыі вяселля і двухтыднёвага адпачынку ў Егіпце. “Чорныя трансплантолагі” заплацілі яму 7 тысяч долараў, хаця абяцалі 10 тысяч. Як інфармуе тэлеканал СТБ, вядома пра траіх грамадзян нашай краіны, якія сталі ахвярамі злачыннай схемы. Яшчэ двое беларусаў патрацілі атрыманыя грошы на набыццё скутэра і ноўтбука.
Праваахоўнікі натрапілі на след “чорных трансплантолагаў” з Косава ў 2008 годзе. Аднаго з беларусаў прааперавалі ў гэтай краіне і, відаць, не на належным узроўні, з-за чаго ўзніклі праблемы са здароўем, іншых — у Эквадоры і Украіне (у Кіеве). Праваахоўнікі адзначаюць, што згаданыя жыхары Беларусі не былі жабракамі, усе яны маладыя людзі ва ўзросце да 25 гадоў. Адзін працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, іншы меў ва ўласнасці дзве кватэры. Адзначаецца, што “ў выпадку з беларусамі асноўнай матывацыяй было не зарабіць як мага больш грошай, а хутчэй збегчы ад руціны”.