Адзіны шанс: родныя палітзэкаў пра тое, ці прасіць памілавання ў Лукашэнкі
Аргументы — ад "Так, трэба выратаваць чалавека любой цаной" да "Не, памілаванне — прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам".
Днямі ў інтэрнэце стала паступаць інфармацыя пра тое, што палітвязням прапануюць пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Прычым прапановы нібыта паступаюць як ужо асуджаным, так і тым, хто ў СІЗА яшчэ толькі чакае суда. Казалі нават, што "вярбоўкай" на памілаванне займаюцца прадстаўнікі Чырвонага Крыжа. Праўда, гэта паспелі зняпраўдзіць як сама арганізацыя, так і прэс-служба МУС. Апошнія, аднак, не сталі аспрэчваць сам факт таго, што такія прапановы паступаюць.
Еўрарадыё пагутарыла са сваякамі некаторых з палітычных зняволеных, каб даведацца, ці паступалі ім такія прапановы і як яны ў цэлым ацэньваюць падпісанне прашэння?
"Для нас гэта адзіны шанс яго адтуль дастаць"
Дзмітрыя Гопту 5 лютага асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму, абвінаваціўшы "ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", а таксама "ў гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі". У Дзімы псіхічнае захворванне, звязанае з парушэннем паводзін, якое патрабуе лячэння. Адбываць пакаранне хлопца адправілі ў калонію "Віцьба-3". Менавіта ў гэтай папраўчай установе, па чутках, і прапаноўвалі палітычным пісаць прашэнні Лукашэнку.
Маці хлопца Вольга не ў курсе, прапаноўвалі ці не яе сыну пісаць прашэнне. Аднак, па словах жанчыны, яна сама "вядзе працу ў гэтым кірунку".
"Я яму гэта прашэнне завезла яшчэ да гэтых чутак — 26 траўня. Каб ён перапісаў або падпісаў. Рэч у тым, што ў Дзімы, так скажам, унікальны трохі выпадак. Я разумею людзей, якія не хочуць яго падпісваць. Але для нас гэта цяпер адзіны шанс яго адтуль дастаць", — кажа жанчына.
"У яе ўсё-ткі ўнукі, дзеці — усе чакаюць"
44-гадовая Алена Маўшук асуджаная па "пінскай справе" на 6,5 года. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У пінчанкі пяцёра дзяцей. Старэйшая з дачок, 19-гадовая Юлія, расказвае Еўрарадыё, што маці ўжо напісала прашэнне аб памілаванні. Праўда, дзяўчына не ведае, сама яна на гэта надумалася ці ёй "прапанавалі".
"Яна толькі пісала пра гэта — што будзе падпісваць. Але падрабязнасцяў я не ведаю. Напісала, што дзеля нас будзе спрабаваць нешта рабіць, каб быць дома. У яе ўсё-ткі ўнукі, дзеці — усе чакаюць", — расказвае Юлія.
"Якое ён мае права кагосьці памілаваць?"
Маці аднаго з палітвязняў, з якой пагутарыла Еўрарадыё, супраць таго, каб яе сын падпісваў прашэнне аб памілаванні. Жанчына прасіла не называць сябе, каб не пагоршыць умовы яго ўтрымання.
Паводле яе слоў, падпісанне такой паперы — гэта, па-першае, фактычнае прызнанне віны, а па-другое, фактычнае прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам. З чым большасць палітвязняў наўрад ці можа пагадзіцца.
"Пра якое памілаванне ідзе гаворка? Памілаванне ад чаго? У каго яго прасіць — у Лукашэнкі? Якое ён мае права кагосьці памілаваць? Маё меркаванне: мы не павінны гаварыць пра тое, што трэба даставаць [з турмы] канкрэтнага чалавека. Мы павінны гаварыць пра тое, каб вызваліць усіх хлопцаў і дзяўчат — прызнаных і непрызнаных [палітвязнямі]", — кажа яна.
Па звестках маці, яе сын прапановы напісаць прашэнне аб памілаванні пакуль не атрымліваў.
Што гаворыць закон?
Памілаванне — гэта не толькі патэнцыйны "жэст добрай волі" ад Лукашэнкі, але і артыкул 96 Крымінальнага кодэкса РБ. Напісаць прашэнне можа кожны асуджаны.
"На падставе акта памілавання асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызваленая ад пакарання як асноўнага, так і дадатковага, альбо вызваленая ад пакарання ўмоўна, альбо такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, альбо ёй можа быць знятая судзімасць", — прапісана ў КК РБ.
Памілаванне палітвязняў магло б стаць сімвалічным жэстам замірэння ўладаў і пратэстоўцаў, дарэчным у "Год народнага адзінства". Зняволеных, якія ўсё-ткі падпішуць прашэнне, Лукашэнка можа памілаваць 3 ліпеня. Да гэтай даты, у якую адзначаецца Дзень Незалежнасці Беларусі, звычайна прымеркаваныя амністыі. Аднак калі правядзенне амністыі патрабуе выдання адпаведнага закона (а ён павінен прайсці праз парламент), то Лукашэнка можа памілаваць чалавека асабістым указам.
Напрыклад, 9 чэрвеня стала вядома, што Лукашэнка памілаваў дваіх "непалітычных" — асуджаных за карупцыю медыкаў. З калоній выйшлі экс-намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і акадэмік Аляксандр Бялецкі, які ўзначальваў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Фігуранты гучнай "справы лекараў" прабылі за кратамі амаль тры гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.