"Мама, ты мяне любіш?": Вольга Гопта сустрэлася з сынам у калоніі

Дзмітрый Гопта / сямейны архіў
Дзмітрый Гопта / сямейны архіў

"Ён увесь час пытаецца: "А колькі я ўжо сяджу? А колькі мне яшчэ?" Хвалюецца, што доўга не зможа бачыць блізкіх", — дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы з палітвязнем Дзмітрыем Гоптам яго маці Вольга. Днямі жанчыне ўпершыню дазволілі наведаць сына ў віцебскай калоніі. Да гэтага родныя бачыліся ў СІЗА 6 красавіка.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Вольга Гопта расказвае, як змяніўся Дзіма, у якога дыягнаставаная разумовая адсталасць, пасля этапу і што яна адчувае, калі чытае навіны, звязаныя з палітычным пераследам беларусаў.

Вольга Гопта: У СІЗА я наведвала сына кожныя паўтара тыдня на працягу двух месяцаў. Ён быў зацкаваны, практычна не размаўляў. Я нават не змагла ў яго даведацца, ці назіраўся ён у лекараў. Падазраю, што не. Аднойчы паскардзіўся, што праз абстаноўку не можа спаць, я падняла гэта пытанне. Пазней, калі прыязджала і пыталася, ці змянілася нешта, разглядаўся на бакі, ці не чуе хто, і ціха адказваў: "Я сплю". А потым я даведалася, што ў той жа час Дзіма напісаў у лісце бабулі, што наогул не спіць. Яшчэ неяк раз сказаў: "Мама, я больш не магу", але тлумачыць прычыну не стаў, вельмі баяўся.

Еўрарадыё: Якая ў Дзімы была рэакцыя, калі вы прыехалі да яго ў калонію?

Вольга Гопта: "Дзякуй богу, што ты прыехала! Я па вас засумаваў! Як маецеся? Як дома? Мама, ты так змянілася!" Бачу, што ён адчувае сябе лепей, чым у СІЗА. Кажа, што кормяць нармальна, працуе на швейнай фабрыцы, рэжа ніткі. Праца ў дзве змены: першая з 8:00 да 17:00, другая з 18:00 да 22:00. Расказаў, што ў атрадзе хіба 30 чалавек. Ёсць халадзільнік, тэлевізар. Дзіма кажа, што самым страшным быў этап: увесь час у кайданках, рукі — за спінай. Калі завялі ў аўтазак, рукі скавалі спераду. Сыну стала душна, ён захацеў зняць куртку і папрасіў ненадоўга расшпіліць кайданкі. "Горача? Ну едзь далей", — адказалі яму. У калоніі, можна сказаць, больш лаяльнае стаўленне. Дзіма расказаў, што на тэрыторыі рамантуюць стадыён, будуць турнікі, я прывезла яму красоўкі і спартыўны касцюм. Ён так узрадаваўся, сказаў, што пойдзе памерае, а потым — на працу.

Еўрарадыё: Калі Дзіму пасадзілі, вы вельмі перажывалі, што ў яго могуць быць праблемы праз яго фізіялагічныя асаблівасці. Ці з'явіліся ў сына сябры ў калоніі?

Вольга Гопта: Ён не расказвае, з кім мае зносіны. Я ўбачыла, што касцюм, у якім ён там ходзіць, падабраны па памеры. Здзівілася, таму што ён вельмі худзенькі і маленькі, заўсёды вельмі цяжка было падбіраць адзенне. Ён расказаў, што папрасіў і яму падшылі. Напэўна, з кімсьці пасябраваў. Нібыта пакуль адносіны нармальныя, ён жа з людзьмі сыходзіцца добра. Калі сядзелі і размаўлялі, выйшаў пажылы мужчына, да яго таксама сваякі прыехалі. Дзіма глядзеў на яго, а потым раптам кажа: "Мама, ты не ўяўляеш, колькі тут старых! У нас у атрадзе таксама дзядуля сляпы ёсць, мне іх так шкада". І слёзы на вочы наварочваюцца.

“Мама, ты меня любишь?”: Ольга Гопта встретилась с сыном в колонии
Дзмітрый Гопта ў судзе / spring96.org/

Еўрарадыё: Праз што больш за ўсё перажывае сёння ваш сын?

Вольга Гопта: У зняволенні час цягнецца доўга. Дзіма пастаянна пытаецца пра пляменніка, да якога вельмі прывязаны. Той таксама перажывае, патрабуе, каб мы прывезлі дзядзьку дадому. Сын вельмі хвалюецца, што бабуля і дзядуля ў курсе, што ён сядзіць. Кажа: "Мне так сорамна!" Я падбадзёрваю: "Дзімка, ты ж не забіў нікога, нічога не ўкраў, ты не злачынец. Проста такая сітуацыя". "Тады за што я тут? Мне крыўдна, што я тут", — засмучаецца сын яшчэ больш.

Еўрарадыё: Дзіма ведае, што на волі яго падтрымліваюць не толькі родныя і сябры, але і шмат незнаёмых людзей?

Вольга Гопта: Ён не вельмі разумее пакуль, як гэта адбываецца. Дзівіцца лістам ад незнаёмых. Падазраю, што ў СІЗА да яго даходзілі не ўсе лісты, мне казалі, што не адказвае на іх. Пасля таго як сына этапавалі, яму аддалі кубак і кіпяцільнік, якія перадавала я, а яшчэ маленькага цацачнага мядзведзіка. Дзіма пытаецца: "Гэта ад цябе?" Адказваю: "Не". Усміхацца. Пастаянна пытаецца: "Мама, ты мяне любіш?" Мне здаецца, у яго чамусьці склалася ўражанне, што раз ён там, мы ад яго адвернемся. Я яму кажу і пішу ў кожным лісце: "Дзімачка, мы цябе вельмі моцна любім, ад цябе не адмовімся, будзем заўсёды з табой і, як зможам, падтрымаем. Галоўнае, каб ты разумеў і ведаў: мы цябе не кінем і не пакінем". Расказала яму, як пісаць хадайніцтва аб памілаванні. Баюся, што самастойна ён не зможа яго скласці. Ведаю, што ў жніўні яшчэ можна прасіць замяніць рэжым, а ў кастрычніку падаць прашэнне на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Зазіраць у будучыню не магу: шмат што будзе залежаць, думаю, ад начальства калоніі.

Еўрарадыё: Вы сочыце за навінамі? Як на іх рэагуеце?

Вольга Гопта: Смерць Вітольда Ашурка ў ШІЗА — гэта велізарная трагедыя, проста мора слёз. Незразумела, чаму ў наш мірны час людзі павінны паміраць і гінуць вось так. Калі 18-гадовы хлопец выкідваецца з акна праз пераслед, адчуваеш усю абсурднасць сітуацыі, якая склалася. Гэта жудаснае гора. Мяне вельмі хвалюе лёс Мікіты Залатарова, якому далі пяць гадоў калоніі і ў якога эпілепсія. Там гісторыя вельмі падобная з нашай, хоць Мікіту, магчыма, нават горш. Такое стаўленне не растлумачыць словамі. Чаму так адбываецца, я не ведаю. Гэта вельмі балюча, страшна, я ўвесь час перажываю.

Ведаеце, калі я пабыла ў Дзімы, выйшла з уздымам, таму што яго ўбачыла і мы пагаварылі. А ўчора, на глебе падзей, якія адбываюцца, мне зноў стала трывожна.


***

5 лютага Дзмітрыя Гопту асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму, абвінаваціўшы "ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", а таксама "ў гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі". У Дзімы псіхічнае захворванне, звязанае з парушэннем паводзін, якое патрабуе лячэння.

Падтрымаць хлопца можна, напісаўшы яму на адрас: папраўчая калонія №3, 211 322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі