Аэрапорту ў Мілане хочуць даць імя сябра Лукашэнкі — #ІхНоравы
Агляд цікавых міжнародных навін за 8 ліпеня 2024 года.
Усе выходныя сацсеткі гамоняць пра тое, што Раналда апынуўся не тым, кім яго ўсе ведалі апошнія 13 гадоў. Але гаворка не пра знакамітага бразільскага футбаліста (не блытаць з Крышціяну Раналду, слёзы якога пасля паразы зборнай на Еўра-2024 забыліся праз некалькі гадзін). Дык пра што тады?
Пра гэта, а таксама пра нечаканы выбар італьянцаў і гульню ў палёт на Марс чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе цікавых міжнародных навін.
Аэрапорт у Мілане імя сябра Лукашэнкі
Другі па загружанасці аэрапорт у Італіі “Мальпенса” ў Мілане прапануюць перайменаваць у гонар чатырохразовага прэм’ера краіны Сільвіа Берлусконі.
Пра гэта заявіў Матэа Сальвіні, намеснік прэм'ер-міністра Італіі і міністр інфраструктуры і транспарту.
У гэтай ідэі ёсць крытыкі. Адныя кажуць, што называць аэрапорт імем Берлусконі зарана: яшчэ не прайшло 10 гадоў з яго смерці (палітык памёр у 2023-м). Але аказалася, што правіла ў Італіі тычыцца толькі назваў вуліц, плошчаў і г.д. Іншых засмучае сама персона Берлусконі. У яго былі судзімасці — па абвінавачаннях ад ухілення ў выплаце падаткаў і хабарніцтва да карупцыі і сексу з непаўналетняй прастытуткай.
Дый увогуле ён быў фігурай неадназначнай і даволі скандальнай. Са спецыфічнымі палітычнымі поглядамі — сябраваў з Пуціным, хваліў Лукашэнку і піў з ім “чай з малінавым варэннем” у 2009-м. З дрэнным густам, празмернай цягай да жанчын і далёка не ўзорнымі маральнымі якасцямі — жонка нават патрабавала публічных выбачэнняў за ўсе яго здрады, з любоўю да махлярства і ашуканства ў бізнесе і не толькі.
Тым не менш, Сільвіа Берлусконі быў у свой час ці не самым папулярным палітыкам у гісторыі Італіі з часоў Мусаліні.
Калі міністэрства транспарту выпіша дазвол і пагодзіцца з тым, каб аэрапорт перайменавалі — справу можна будзе лічыць вырашанай, бо іншыя этапы ўзгаднення ініцыятыва ўжо прайшла.
Раналда нарадзіў 14 дзяцей
Усе выходныя сацсеткі абмяркоўваюць шалёную навіну з жывёльнага свету. Удаў, што жыве ў школьным віварыі ў Вялікабрытаніі, шляхам бяззаннага зачацця прынёс патомства!
Мянушка бразільскага вясёлкавага ўдава — Раналда, яму 13 гадоў. І ў яго нарадзілася 14 дзіцянят! Канешне, спецыялісты заўважалі, што Раналда апошнім часам неяк патаўсцеў — але з кім не бывае. Высветлілася, што гэта была цяжарнасць, а ўдаў — увогуле не самец, якім яго ўвесь гэты час лічылі, а самка.
Змяя не мела кантакту з суродзічамі апошнія 10 гадоў. Адкуль жа змяяняты? Як даведаліся навукоўцы, адбыўся ўнікальны і вельмі рэдкі працэс партэнагенезу — “цнатлівага размнажэння”. Эмбрыёны развіліся без апладнення яйцаклеткі. Партэнагенез часам сустракаецца ў птушак, рыб, рэптылій.
Завяршыўся палёт на Марс, якога і не было
Скончыўся эксперымент NASA, які імітаваў гадавы палёт на Марс. Марсіянская місія ахапіла чатырох добраахвотнікаў, якія ўвесь гэты час правялі ў ізаляцыі і ва ўмовах, блізкіх да касмічных.
У “палёт” двое мужчын і дзве жанчыны — капітан Кэлі Хастан, навуковы афіцэр Анка Селарыу, бортінжынер Рос Броквел і доктар Натан Джонс — адправіліся ў чэрвені 2023-га. Іх закрылі ў створанай на 3D-друкарцы канструкцыі плошчай каля 1600 квадратаў. Унутры было ўсё так сымітавана, быццам гэтыя людзі пасяліліся на Марсе.
Яны імітавалі выхад у адкрыты космас, вырошчванне гародніны, дзеянні ў экстрэмальных сітуацыях і ў выпадку страты сувязі з Зямлёй.
Галоўныя ўражанні ўдзельнікаў эксперымента — трэба больш уважліва ставіцца да пераапрацоўкі адходаў і стымуляваць праявы ўсяго лепшага ў чалавеку, каб асваенне Марса прынесла людзям карысць.
Такую місію NASA плануе паўтарыць. Будуць даследавацца фактары, якія ўплываюць на фізічнае і псіхічнае здароўе і працаздольнасць удзельнікаў касмічных палётаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.