Афіцыйнаму Ерэвану не спадабалася беларуская заява наконт Карабаху

Афіцыйнаму Ерэвану не спадабалася беларуская заява наконт Карабаху

Амбасадара Беларусі ў Ерэване Ігара Назарука 3 красавіка запрасілі ў МЗС Арменіі.

Як паведамляе інфармагунцтва EADaily са спасылкай на прэс-службу армянскага МЗС, яго прыняў намеснік кіраўніка дыпламатычнага ведамства Шаварш Качаран. Ён выказаў беларускаму амбсадару глыбокае здзіўленне армянскага боку ў сувязі з шэрагам палажэнняў, абнародаваных 2 красавіка ў заяве МЗС Беларусі ў сувязі з падзеямі вакол Нагорнага Карабаху.

Прадстаўніку Беларусі было заяўлена, што такая заява не адпавядае духу армяна-беларускіх адносін. На думку афіцыйнага Ерэвана, заява ідзе насуперак абавязанням, узятым бакамі ў рамках АДКБ і іншых шматбаковых структур. Дакумент, лічаць у МЗС Арменіі, наносіць шкоду перамоўнаму працэсу, бо заахвочвае да ўжывання сілы ва ўрэгуляванні нагорна-карабахскага канфлікту.

Дарэчы, у заяве МЗС Беларусі гаворыцца, што наша дзяржава як краіна-чалец Мінскай групы АБСЕ паслядоўна выступае за мірнае вырашэнне канфлікту ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права, перш за ўсё на аснове захавання і забеспячэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці межаў дзяржаў, а таксама адпаведных рэзалюцый Савета Бяспекі ААН і рашэнняў АБСЕ.

У заяве беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначаецца: "Заклікаем бакі неадкладна спыніць агонь і пазбягаць любых крокаў, якія вядуць да росту напружанасці і чалавечых ахвяр. Разлічваем, што сустаршыні Мінскай групы АБСЕ пры падтрымцы ўсіх дружалюбных Азербайджану і Арменіі краін выкарыстаюць свой аўтарытэт і ўплыў для забеспячэння дээскалацыі і вяртання да пошуку рашэння карабахскай праблемы за сталом перамоваў" Дарэчы, 2 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтамі Арменіі ды Азербайджана Сержам Саргсянам і Ільхамам Аліевым.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі