Афіцыйная Вільня пратэстуе супраць закрыцця літоўскай школы ў Беларусі

Літоўская школа ў Пялесе / Wikimapia
Літоўская школа ў Пялесе / Wikimapia

МЗС Літвы выказаў пратэст у сувязі з закрыццём у Беларусі адной з дзьвюх літоўскіх школ, піша Delfi. Афіцыйная нота, у якой выяўляецца "пратэст супраць дзеянняў беларускіх уладаў, накіраваных на закрыццё літоўскай сярэдняй школы ў Пялесе, якая ўтрымліваецца Літоўскай дзяржавай", накіраваны ў амбасаду Беларусі ў Вільні.

"Гэтыя дзеянні з'яўляюцца працягам мэтанакіраванай дзейнасці беларускіх уладаў па ліквідацыі літуаністычнай адукацыі ў Беларусі і парушаюць двухбаковыя пагадненні паміж Літвой і Беларуссю, а таксама міжнародныя канвенцыі, якія ўстанаўліваюць права прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў на навучанне на роднай мове", — гаворыцца ў заяве літоўскага МЗС.

Найстарэйшая ў Беларусі літоўская школа ў Пялесе закрытая "з-за парушэнняў пажарнай бяспекі". На днях яе наведала міжведамасная камісія, якая і выявіла "шэраг парушэнняў", з чаго была зроблена выснова, што існуе "пагроза прычынення шкоды жыццю і здароўю навучэнцаў і педагогаў". Дзейнасць школы прыпынена да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

"Нам вядома, што ўчора супрацоўнікі пажарнай інспекцыі наведалі і зафіксавалі магчымыя парушэнні ў сярэдняй школе Пялесы. Унесена прапанова прыпыніць дзейнасць школы да ліквідацыі выяўленых недахопаў. Звяртаем увагу, што падчас папярэдніх наведванняў службовыя асобы такіх недахопаў не выявілі", — пракаментавала навіну ў літоўскім Міністэрстве адукацыі, навукі і спорту ў пятніцу.

Раней улады Беларусі паведамілі, што з 1 верасня прыбіраюць навучанне на літоўскай мове ў літоўскіх школах, размешчаных у вёсках Рымдзюны і Пялеса. Сярэдняя школа ў Пялесе (Гродзенская вобласць), якая дзейнічае з 1992 года, пабудавана на сродкі Літвы і поўнасцю ўтрымліваецца ёю. Літва абяцае працягваць фінансаванне гэтай установы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі