Афнагель: Заклеілі статус падазраванага ў паперы і аформілі як сведку
Вызвалены каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель. У сераду ён быў затрыманы і знаходзіўся ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі Мінскага раёна.
"Мяне вызвалілі ў статусе сведкі, а спачатку склалі пратакол аб крадзяжы, — распавядае Афнагель у каментары Радыё Свабода. — Міліцыянты нейкі час кудысьці тэлефанавалі, раіліся, але ў выніку заклеілі статус падазраванага ў паперы і аформілі як сведку. Але я адразу казаў, што нічога не краў, што купля была зроблена ў прысутнасці сведак, у светлы час дня, на тэрыторыі пад шматлікімі відэакамэрамі, дзе шмат аўто з відэарэгістратарамі. Таму смешна было казаць, што гэты быў крадзеж".
Яўгена Афнагеля і яго жонку Кацярыну Людвіг затрымалі каля абеду ў Калодзішчах, дзе яны набылі металічныя лісты для брамы. Затрыманых паасобку завезлі ў міліцыю, адкуль Кацярыну неўзабаве вызвалілі, а Яўгена пратрымалі да вечара. У Калодзішчах яны будуюць дом. Там жа ёсць вытворчасць металічных лістоў, якія і купіў Афнагель. Калі яны ад'язджалі ад склада на аўтамабілі, з'явіліся шэсць супрацоўнікаў крымінальнага вышуку з відэакамерамі і заявілі пра крадзеж. Затрыманы быў і прадавец. Актывісту спачатку пагражалі крымінальнай справай.
Афнагель мяркуе, што супраць яго была зладжаная правакацыя, але яна не ўдалася.