Агляд прэсы: чуткі аб змове Цімашэнкі з Крамлём і крытыка Абамы за слабасць
Журналісты і палітыкі ацэньваюць вынікі экстранага саміту ЕС па Украіне.
Як некаторыя паспелі заўважыць, 6 сакавіка падчас экстранага саміту ЕС увёў лёгкія санкцыі супраць Расіі, спыніўшы перамовы аб палягчэнні візавага рэжыму і аб заключэнні новага базавага рэжыму.
Deutsche Welle піша, што Барак Абама, які ўвёў першую частку санкцый у выглядзе замарозкі актываў і выдачы забароны на ўезд, пакінуў месца для дыпламатыі. Тым часам рэспубліканец Роберт Пітэнгер усё ж заклікае да радыкальных санкцый.
“Калі мы не можам вывесці Расію з Украіны, дык давайце выведзем Пуціна з Расіі. Я не хачу, каб ЗША сталі Нэвілам Чэмберленам”, — кажа палітык DW, спасылаючыся на палітыку супакойвання брытанскага прэм'ера ў адносінах да нацысцкай Германіі ў 1930 годзе.
Пакуль у ЕС толькі прыглядаюцца да санкцый, аглядальнік DW Бернд Рыгерт узгадвае прапанову ЗША аб павышэнні паставак звадкаванага газу ў Еўропу. Мяркуецца, што гэта знізіць залежнасць блока ад расійскага экспарту.
А польскае тэлебачанне TVN цытуе яшчэ аднаго амерыканскага рэспубліканца — Боба Коркера з Тэнэсі, які прадстаўляе сенацкую камісію замежных спраў. Палітык кажа, што “Абама памыліўся, што такі чалавек, як Пуцін, будзе рэагаваць на цяпло і аб’яднаўчыя жэсты”.
Боб Коркер: “Тое, на што рэальна ён рэагуе, дык гэта на слабасць, і лічу, што Пуцін пабачыў яе ў нашай замежнай палітыцы апошняга года”.
Таксама TVN прыводзіць словы прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які сказаў, што ўчорашні саміт быў “драматычны”.
Дональд Туск: “Можа, не ўсім спадабаюцца такія рашэнні, але мушу сказаць, што мы дасягнулі разам больш, чым можна было спадзявацца. Гэта доказ таго, наколькі сур’ёзная сітуацыя. Усе разумеем, што санкцыі на наступным этапе могуць быць балючымі для ўсіх”.
Тым часам “Франс 24” апісвае вайсковую здзелку паміж Масквой і Парыжам.
“Адзін з двух пабудаваных Францыяй ваенных караблёў класа “Містраль”, якія набыла Расія, правёў свой першы тэставы запуск у сераду на захадзе Францыі. Нягледзячы на крызіс у Крыме, Парыж заявіў, што пакуль не гатовы адмовіцца ад сваёй дамовы з Масквой на 1,2 млрд еўра”, — такую інфармацыю падала “Франс 24” 6 сакавіка. Але прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд ужо заявіў, што, нават нягледзячы на павагу да ўсіх кантрактаў, можа разглядацца варыянт, калі караблі не будуць дастаўленыя.
І ўжо 7 сакавіка міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус сказаў France Info radio, што калі першыя санкцыі не спрацуюць, будуць уведзеныя дадатковыя, ад якіх пацерпяць прадпрыемствы і людзі, блізкія да Пуціна.
Reuters называе падзеі, якія цяпер адбываюцца, найгоршым супрацьстаяннем Захаду і Усходу з часоў “халоднай вайны”. Bloomberg выказвае перасцярогі наконт прыбалтыйскіх краін, дзе, як і ва Украіне, вельмі шмат этнічных расіян.
А EUobserver ўздымае іншы бок пытання, прыгадваючы словы эстонскага міністра замежных спраў аб пасіўнасці новых украінскіх уладаў у расследаванні дзейнасці снайпераў на Майдане:
“Адзін украінскі актывіст, які пажадаў застацца ананімным, сказаў EUobserver, што ў Кіеве цыркулююць чуткі, нібыта экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка заключыла здзелку з Крамлём, каб дазволіць заняць Крым у абмен на дапамогу вярнуцца ёй ва ўладу”.
І, паводле слоў актывіста, усё толькі пацвярджае такую версію, бо Украіна пакуль нічога не зрабіла ў Крыме, а толькі чакае рэферэндум.