Актор з “Адзін дома” атрымаў зорку, а Spotify звальняе людзей — #ІхНоравы
Маколей Калкін атрымаў сваю зорку ў Галівудзе
Гэта наш традыцыйны агляд міжнародных навін, у якім мы ўпершыню пабачым сям’ю зоркі “Адзін дома” Маколея Калкіна і чалавечыя адносіны да звольненых супрацоўнікаў, хоць сам факт і сумны.
Spotify звальняе 1500 чалавек
Папулярны сэрвіс для праслухоўвання музыкі і падкастаў (там ёсць і выпускі Еўрарадыё!), распрацаваны ў Швецыі, заявіў пра скарачэнне працоўнага штату на 17%. Прычына банальная: эканомія. Гэтае “неверагодна балючае” і “цяжкае рашэнне”, як сказаў выканаўчы дырэктар кампаніі Даніэль Эк, прынятае праз тое, што рэзка запаволіўся эканамічны рост.
— Кажучы проста, ад нас пойдзе шмат разумных, таленавітых і працавітых людзей, — каментуе менеджар звальненні.
Spotify апошнім часам нясе вялікія выдаткі праз умовы ліцэнзійных пагадненняў з праваўладальнікамі музыкі. І ў тым ліку гэта паўплывала на тое, што карыстанне сэрвісам падаражэла ў некаторых краінах.
У Spotify 9000 супрацоўнікаў, і цяперашняе скарачэнне — ужо трэцяе за гэты год. Згодна са справаздачай, апублікаванай у кастрычніку, кампанія вярнулся да прыбытковасці. З ліпеня да верасня чысты прыбытак склаў 65 млн еўра. У той жа час папярэднія тры месяцы паказалі страты ў 302 млн еўра.
Звольненыя супрацоўнікі не будуць выкінутыя на мароз. Spotify абяцае ім выплату па звальненні на 5 месяцаў, адпускныя і страхаванне і медычнае абслугоўванне на перыяд звальнення. Тым, у каго легальны статус залежаў ад працы, акажуць юрыдычную дапамогу, каб не было праблем з міграцыйнымі службамі.
Актор з “Адзін дома” стаў галівудскай зоркай
Гаворка пра Маколея Калкіна — зорнае дзіця 1990-х з нашумелага фільма “Адзін дома”. Ён атрымаў сваю зорку на “Алеі славы” ў Галівудзе. Камітэт узнагароды пракаментаваў гэта так: "Калкін — адзін з найвялікшых герояў поп-культуры апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў".
Першай актора павіншавала яго маці па фільме — актрыса Кэтрын О’Хара. А падтрымаць Калкіна на адкрыццё зоркі прыйшлі жонка і двое сыноў. Гэта першы публічны выхад сям’і, і публіка адразу заўважыла, што старэйшы хлопчык — копія таты ў дзяцінстве.
Моўныя эксперты з Оксфарда выбралі слова года-2023
Гэта слова rizz з моладзевай размоўнай англійскай мовы. Яно паходзіць ад слова “харызма” і абазначае здольнасць чалавека прыцягваць рамантычнага партнёра праз асаблівы стыль, шарм, прывабнасць. Так яго акрэсліў выдавец Оксфардскага слоўніка.
Слова актыўна пачалі ўжываць пасля інтэрв’ю актора Тома Холанда, які граў Чалавека-павука. У яго спыталі, у чым сакрэт яго харызмы, і ён адказаў, што ў яго няма ніякага “рыз”.
"Рыз" можа быць і дзеясловам, адзначаюць у слоўніку. Напрыклад, выраз rizz up можна ўжываць у значэнні “прыцягнуць кагосьці, забалбатаць”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.