Алексіевіч: Улады Расіі хочуць стварыць праваслаўны халіфат
Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч дала інтэрв'ю каталонскаму выданню La Vanguardia.
Инопресса.ру піша, што Алексіевіч нагадала: усе рускамоўныя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры, "атрымаўшы прэмію, выклікалі хвалю нянавісці ў нашым грамадстве". Тое самае пачало адбывацца і з беларускай пісьменніцай.
"Прэса перапоўненая артыкуламі пра тое, што гэта палітычнае рашэнне, што мне яе далі за тое, што я праціўнік Пуціна, — кажа Святлана Алексіевіч. — Вядома, я не падтрымліваю гэтага чалавека. Расія пад яго кіраўніцтвам робіць тое ж самае, што у часы СССР, праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку, якая супярэчыць еўрапейскім, дэмакратычным каштоўнасцям".
Паводле слоў Алексіевіч, кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку "не патрэбен нобелеўскі лаўрэат у краіне, ён абсалютны манарх, ніхто не павінен зацяняць яго".
У сваёй прамове на цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі, якая адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме, Святлана Алексіевіч збіраецца расказаць пра тое, чым яна займалася ў сваім жыцці: "Пісаць пра чырвоную імперыю, распавядаць, як людзі былі маленькімі часціцамі гэтай імперыі. Маленькія людзі ніколі не мелі значэння, іх выкарыстоўвалі як інструмент, ніхто не пытаўся аб іх думках і пачуццях. Гэта прыйшлося рабіць мне, часта ў першы раз. Я працытую Шаламава, які прайшоў праз ГУЛАГ і бачыў, паводле яго слоў, "вялікую бітву за абнаўленне чалавека". Я таксама ўдзельнічала ў гэтым, у маладосці я верыла ў СССР. Але адзіны след, які пакінулі бальшавікі, гэта лужыны крыві. Пра гэта я і пішу".
Адказваючы на пытанне аб вяртанні людзей у Царкву ў моманты няшчасцяў, беларуская пісьменніца адзначыла, што "адна справа была пасля Чарнобыля або падзення камунізму, калі мы шукалі новую веру, бо былі атэістамі і нам трэба было на нешта абаперціся". "Але цяпер людзі ходзяць у праваслаўныя цэрквы ў Расіі ў выніку прапаганды, змешваць палітыку і рэлігію", — сказала пісьменніца. Яна лічыць, што рэжым Уладзіміра Пуціна падмяніў веру прапагандай.
На думку Алексіевіч, "улады [Расіі] хочуць стварыць праваслаўны халіфат", а Уладзімір Пуцін "лічыць сябе царом, адначасова рэлігійнай і палітычнай фігурай".
Фота: ria.ru, Еўрарадыё