Алесін: Вучэнні “Захад-2017” стануць казырнай картай у гандлі за энерганосьбіты

Алесін: Вучэнні “Захад-2017” стануць казырнай картай у гандлі за энерганосьбіты

Ваенныя вучэнні “Захад-2017” пройдуць у Беларусі з 14 па 20 верасня і будуць мець “абарончую тэматыку”. Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Але ваенны эксперт Аляксандр Алесін звяртае ўвагу на тое, што дакладная “легенда” вучэнняў да гэтага часу не агучаная.

“Абазначэнне вучэнняў як абарончых яшчэ нічога не кажа пра тое, якія тактычныя і аператыўна-тактычныя прыёмы будуць ужытыя, каб нанесці паразу праціўніку. Бо абарона можа быць як пасіўнай, так і актыўнай. І калі заўважаная групоўка праціўніка, гатовая да наступу, ніхто не адмаўляе магчымасць прэвентыўнага ўдару. У абарончых мэтах”, — кажа Алесін.

Паводле інфармацыі Андрэя Раўкова, з расійскага боку ў вучэннях возьме ўдзел каля 3 тысяч вайскоўцаў і каля 280 адзінак ваеннай тэхнікі, 25 расійскіх ваенных самалётаў. Міністр удакладніў, што на вучэнні прыбудзе “частка 1-й танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі Расіі”. На думку Алесіна, размова ідзе пра частку мотастралковай дывізіі, якая цяпер фармуецца на мяжы з Беларуссю непадалёк ад Ельні.

Алесін упэўнены: кіраўніку Беларусі гэтыя вучэнні неабходныя, каб скарыстацца імі ў гандлі з Расіяй.

Алесін: “Лукашэнка празрыста намякнуў, што пасля вучэнняў будзе Савет Саюзнай дзяржавы, і я думаю, што ён хоча прад’явіць гэты козыр, сваю саюзніцкую вернасць падчас гандлю за расійскія энергарэсурсы, льготы і прывілеі. Гэтая карта яшчэ не адыграная і, думаю, будзе заўжды ў гульні”.

Ніякай небяспекі для суверэнітэту Беларусі ў вераснёўскіх беларуска-расійскіх ваенных вучэннях Алесін не бачыць. Кажа, “крымскі сцэнар” сілы, што прыбудуць з Расіі ў Беларусь, адыграць не змогуць — не хопіць сіл. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі