Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з еўракамісарам Ёханэсам Ханам (відэа)

17 красавіка ў Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і еўракамісара ЕС па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Ёханэса Хана. Кіраўнік Беларусі заявіў, што наша краіна вельмі зацікаўленая ў тым, каб больш цесна супрацоўнічаць з Захадам па шэрагу напрамкаў. Паводле слоў Лукашэнкі, у беларускага боку ёсць зацікаўленасць у цесным супрацоўніцтве з ЕС у галіне тэхналогій (найперш грамадзянскага прызначэння), у развіцці эканамічных кантактаў, у справе бяспекі.

Гаворачы пра бачанне Еўрасаюзам перспектываў супрацоўніцтва з Беларуссю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мяне гэтае пытанне больш за ўсё цікавіць, каб адкарэктаваць, а магчыма, і выбудаваць у будучым нашу палітыку ў адносінах Еўрапейскага саюза".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі бачаць "Усходняе партнёрства" ў перспектыве перафарматаваным. "Хацелася б, каб яно было перафарматаванае са звычайнай палітыкі да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, якое грунтуецца на рашэнні эканамічных праблем", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы размаўляў з еўракамісарам і пра Еўразійскі эканамічны саюз. Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што ЕС варта вызначыць некалькі накірункаў для супрацоўніцтва з гэтым саюзам.

Нагадаем, еўракамісар Ёханэс Хан сустрэўся ў Мінску з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі