Аляксандр Шакуцін: У нас з Чыжом розная філасофія вядзення бізнесу…
Старшыню Савета дырэктараў холдынгу “Амкадор” Аляксандра Шакуціна мы сустракаем у холе Палаца Рэспублікі па заканчэнні V Усебеларускага народнага сходу. Безумоўна, да яго ў нас было шмат пытанняў як да дэлегата сходу, але так склалася, што менавіта ў гэты ж дзень у кулуарах Палаца Рэспублікі старшыня КДБ Валерый Вакульчык каментаваў Еўрарадыё прычыны, па якіх працягнулі на два месяцы тэрмін знаходжання пад вартай іншаму бізнесмену, Юрыю Чыжу. Таму менавіта на гэтай тэме і засяроджваемся ў размове з Шакуціным.
Еўрарадыё: А вам сёння не страшна працаваць на фоне таго, што адбылося з вашым калегам Чыжом?
Аляксандр Шакуцін: Не ўсе вы ведаеце, што адбылося… Я не магу сказаць, што некалі Чыж быў маім калегам — мы, напэўна, заўжды па-рознаму разумелі бізнес. Як вядзенне бізнесу, так і пабудову гэтага бізнесу. Мы ніколі не былі партнёрамі і ніколі не былі людзьмі, якія падзялялі філасофію вядзення бізнесу. У нас розная філасофія: яго дыяметральна адрозніваецца ад таго, што я раблю.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што калі ваша філасофія бізнесу адрозніваецца ад філасофіі Чыжа, то вы ад яго лёсу застрахаваны?
Аляксандр Шакуцін: Ведаю, як працуюць мае структуры, ведаю, як працаваў Чыж — канечне, нам няма чаго баяцца. Бо першыя праверкі, якія прыйшлі, прыйшлі не да Чыжа, яны прыйшлі ў нашы структуры. І калі праваахоўныя структуры ўпэўніліся, што мы будуем бізнес на сумленным падмурку, на канкурэнтнай аснове, што мы заробленыя сродкі не выводзім за мяжу, а ўкладаем ва ўласную эканоміку, ва ўласны бізнес, праблемы ўсе былі знятыя.
Еўрарадыё: Спалохаліся, калі да вас пачалі хадзіць тыя праверкі? Бо яшчэ да Чыжа былі справы Мураўёва і “Мотавела”, уладальніка “Ждановічаў”?
Аляксандр Шакуцін: Не, ніколькі! Мяне не палохала нічога, я шчыра і сумленна заявіў: гэта праца праваахоўнікаў, правяраць, а наша праца — даказваць, што мы працуем у межах прававога поля. І таму мы і сёння адкрытыя да любой праверкі, мы працуем сумленна, плацім падаткі, не парушаем беларускае заканадаўства. Гэта першапачатковая філасофія нашага бізнесу. У кожнага ёсць момант спакусы, мы ўсе хочам зарабіць больш, мы ўсе хочам нейкім чынам зарабіць за кошт дзяржавы, недаплаціўшы падаткі, прыхаваўшы нешта. Мы з першага нашага кроку ў бізнесе для сябе вызначылі, што мы павінны працаваць у адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны і не баяцца нікога і нічога. Так, можа, мы заробім менш, будзем больш павольна ісці па ўзрастаючай, але пры гэтым мы не будзем нікога баяцца. Прайшоў час, і я магу адназначна сказаць: калі ў нашай гісторыі былі нейкія праблемы, то сёння гэтыя праблемы былі б агучаныя. Але, на вялікую радасць, мы будавалі цывілізаваны бізнес, які грунтуецца на законе і законнасці, і таму праблем не мелі і не маем. А праверак мы прайшлі не менш, чым Чыж, Іваноў, Пятроў ці Сідараў! Але тое, што ў 10, а то і 15 разоў у нас было больш праверак, чым у Чыжа — без ніякіх сумневаў!
Еўрарадыё: Чаму да вас была такая ўвага, так правяраюць усіх, што блізкі да кіраўніка краіны?
Аляксандр Шакуцін: Я пастаянна шукаў адказ на пытанне, чаму да мяне такое перадузятае стаўленне. Цяжка было гэта зразумець, але часам я дакопваўся да каранёў, чаму гэта адбываецца. Шмат якія праверкі былі замоўленыя.
Еўрарадыё: І ў нас такое магчыма?
Аляксандр Шакуцін: Абсалютна магчыма! І я нават прозвішчы называў тых, хто гэта замовіў. І прычына была нават не тое каб у інтарэсах камерцыйных… А цалкам у іншых інтарэсах… Замаўлялі з-за таго, што нехта рабіў не тое, што рабілі іншыя. Да прыкладу, я заўжды быў прыхільнікам вытворчасці, бо лічыў, што “купі-прадай” гэта часовае — сёння ёсць магчымасць зарабляць, а заўтра яе няма. Я і мае партнёры імкнуліся ствараць вытворчасць, новыя працоўныя месцы, добрыя ўмовы для працы людзей. Так, гэта складана. Трэба шмат укладаць, шмат рызыкі. Некаму гэта не падабалася, бо нехта зарабляў грошы, і яны ў яго ёсць, але іх не бачна, бо знаходзяцца тыя грошы ў нейкім “загашніку”. А нехта стварыў вытворчасць, нават калі пабудаваў гэта за пазычаныя сродкі банкаў, але ён ёсць, яго бачна, і ён працуе. Не важна, як складана кіраваць гэтым заводам, але ўзнікала такая чыста чалавечая зайздрасць.
Еўрарадыё: Сёння старшыня КДБ на маё пытанне, ці не прапаноўваў Чыж кампенсаваць усе нанесеныя страты, каб выйсці на волю, адказаў, што прапановы ад яго такой не было. Як думаеце, у Чыжа няма для гэтага грошай ці што?
Аляксандр Шакуцін: Думаю, грошай у яго хопіць, каб выкупіць усіх, хто хоча выйсці на волю.
Еўрарадыё: Значыцца, прычына не ў грошах, а ў тым, што не адпускаюць?
Аляксандр Шакуцін: Гэта надта інтымныя тэмы, і я не буду паглыбляцца. Я ўвогуле прыхільнік таго, што тыя людзі, якія, да прыкладу, парушылі падатковае заканадаўства ці здзейснілі парушэнне нейкае, яны павінны кампенсаваць тое, што ўзялі з дзяржаўнага бюджэту, выйсці на свабоду і працягваць працаваць далей. Бо людзі, якія не забілі, не згвалтавалі, не нанеслі нейкіх стратаў іншым людзям, а з-за недамыслення ці нейкіх праблем парушылі заканадаўства, то стаўленне да іх павінна быць лаяльным. У адным артыкуле прачытаў: толькі 4 чалавекі з тысячы здольныя кіраваць вытворчасцю ці бізнесам. Таму ўсе такія людзі павінны быць на ўліку і яны ўсе павінны быць вядомыя. І калі ў іх узніклі нейкія праблемы, то лепш, каб іх вярнулі і яны сваёй працай даказвалі, што яны зрабілі памылку, і каб яны цяпер працавалі на эканоміку краіны.
Еўрарадыё: Чаму прадстаўнікі буйнога бізнесу ніяк не праяўлялі сваёй салідарнасці з затрыманымі калегамі?
Аляксандр Шакуцін: Гэта не зусім справядліва. Я заўжды не толькі выказваю салідарнасць, але, асабліва калі чалавек стваральнік, я за ўсіх бізнесменаў дзе толькі мог прасіў, каб да іх ставіліся лаяльна. Бо не такое вялікае было парушэнне, каб былі нейкія праблемы. Я часта афіцыйна звяртаўся і прасіў, каб не надта жорстка падыходзілі да такіх людзей. І, дарэчы, кіраўніцтва краіны цалкам адэкватна рэагавала на такія просьбы, і праваахоўныя органы.
Еўрарадыё: Цікава, а “дом Чыжа” з эстэтычнага пункту гледжання вам падабаецца ці не?
Аляксандр Шакуцін: Ёсць у Мінску аб’екты, якія мне не падабаюцца. Да прыкладу, Мінск-Арэна. Я яе назваў “касмадромам”. А гэты аб’ект (так званы гатэль "Кэмпінскі" ля цырка, — Еўрарадыё) я назваў “нафтабазай”. Яны не ўпрыгожваюць Мінск, прыніжаюць яго выгляд. А “Дом Чыжа” мне, як ні дзіўна, падабаецца. Толькі кватэру там я сабе не набыў бы — якасць будаўніцтва вельмі нізкая. Той, хто атрымаў там кватэры, у тым ліку і мае партнёры, ім давялося зняць тынкоўку і ўсё памяняць, бо выкарыстаныя матэрыялы нізкай якасці. Вокны ў тым ліку. Фактычна, людзі, заплаціўшы грошы, вымушаныя там зноў укладацца.
Еўрарадыё: Ці маеце якую маёмасць за мяжой? Не было жадання вывезці капіталы за мяжу?
Аляксандр Шакуцін: Шчыра скажу: ніводнай капейкі асабістай за мяжой няма — усе грошы, якія я маю, я маю ў нашай краіне. Ніякага дома ці катэджа за мяжой у мяне ніколі не было і, магу сказаць на 200%, ніколі не будзе. Усё, што я пабудую, я пабудую ў сваёй краіне. Калі ж нешта пабудую за мяжой, то найперш гэта будзе беларуская ўласнасць, а толькі потым — мая. Тое ж тычыцца і маёй сям’і. Я некалі прапанаваў сыну навучанне ў лепшай школе Швейцарыі — вельмі хацеў, каб ён атрымаў элітную заходнюю адукацыю, але ён адмовіўся, сказаў, што хоча атрымаць адукацыю ў сваёй краіне.
Фота і відэа Змітра Лукашука, мантаж Віталя Зыблюка