Аляксандр Вянгерскі: На першае пасяджэнне суда з БАТЭ не пайду
Аляксандр Вянгерскі, які выбег на поле падчас гульні БАТЭ з Арсеналам з бел-чырвона-белым сцягам, не збіраецца ісці на першае пасяджэнне суда над ім 1 снежня. Раней футбольны клуб падаў у суд на заўзятара, каб той кампенсаваў штраф ў 5 тысяч еўра, які барысаўчане атрымалі за яго ўчынак ад УЕФА.
Пра рашэнне не хадзіць на суд Вянгерскі паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
“Не варта туды ісці, гэта будзе папярэдняе пасяджэнне, на якім мяне не будзе, пойдзем туды трохі пазней!) Жыве!!!” — напісаў Аляксандр.
Па яго словах, у яго няма часу на суд, трэба зарабляць грошы на штраф.
У БАТЭ, у сваю чаргу, паведамляюць, што рашэнне спагнаць грошы з Вянгерскага носіць выхаваўчы характар, каб заўзятары больш не выбягалі на поле. Грошы плануюць накіраваць на дабрачыннасць.
Пры гэтым заўзятар, які таксама выбег на поле падчас матчу БАТЭ з “Нафтанам”, добраахвотна кампенсаваў клубу 1610 рублёў штрафу, накладзенага беларускай футбольнай федэрацыяй.