Амбасадар Беларусі ў Бішкеку не мае інфармацыі пра ордэн Бакіеву
Пра гэта Віктар Дзенісенка зноў заявіў кіргізскаму знешнепалітычнаму ведамству.
Як паведамляе Радыё "Свабода", 14 жніўня беларускага амбасадара паўторна запрасілі ў МЗС Кіргізстана для тлумачэнняў наконт інфармацыі пра ўзнагароджанне зрынутага прэзідэнта Курманбека Бакіева дзяржаўнай узнагародай "Ордэн дружбы народаў".
МЗС Кіргізстана разглядае ўзнагароджанне экс-прэзідэнта несяброўскай акцыяй, "якая сур’ёзна параніла пачуцці родных і блізкіх загінулых і пацярпелых 7 красавіка 2010 года". Такі крок кіргізскія дыпламаты назвалі "неабдуманай і недарэчнай падтрымкай злачынцы і яго атачэння", што наносіць чарговую шкоду двухбаковым адносінам.
Нагадаем, што паведамленне пра ўзнагароджанне Бакіева беларускай узнагародай з'явілася ў інтэрнэце, але афіцыйна пацверджанае ці абвергнутае так і не было.
Фота — AFP