Амбасадар Беларусі ў Славакіі падаў у адстаўку
Заяву аб адстаўцы падаў амбасадар Беларусі ў Славакіі, экс-памочнік прэзідэнта Ігар Ляшчэня. 16 жніўня ён запісаў відэазварот, у якім падтрымаў удзельнікаў мірных пратэстаў.
"Я сапраўды падаў заяву аб адстаўцы. Гэта лагічны крок, бо як амбасадар я прызначаны дзейным прэзідэнтам, і мяркуецца, што павінен праводзіць вызначаную ім палітыку. МЗС мяркуе, што выяўленая ў маёй заяве грамадзянская пазіцыя выйшла за гэтыя рамкі", — паведаміў дыпламат у каментары TUT.by.
У МЗС кажуць, што рашэнне пра адстаўку Надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара павінна прымаць асоба, якая яго прызначыла — гэта значыць, кіраўнік дзяржавы. Ён жа павінен падпісаць адпаведны ўказ. Указа пра адстаўку Ігара Ляшчэні пакуль што не было.
Акрамя Ігара Ляшчэні ў МЗС падтрымку мірным пратэстам выказалі Вячаслаў Казачонак і Алена Копанева: 17 жніўня яны выйшлі на ганак міністэрства з чыстымі аркушамі. У адстаўку сышоў кіраўнік дэпартамента Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы МЗС Беларусі Андрэй Бушыла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.