Амбасадар Расіі гатовы сустракацца з беларускай апазіцыяй "у межах разумнага"

Амбасадар Расіі гатовы сустракацца з беларускай апазіцыяй "у межах разумнага"

Расійскі бок не мае нічога супраць дыялогу з беларускай апазіцыяй. Пра гэта расійскі амбасадар Міхаіл Бабіч заявіў на брыфінгу падчас працоўнага візіту ў Віцебск 15 сакавіка, піша TUT.by

Як станоўчы прыклад ён згадаў сустрэчу 12 сакавіка з лідарамі грамадскай кампаніі "Гавары праўду" Андрэем Дзмітрыевым і Таццянай Караткевіч. Гэтая сустрэча, па словах дыпламата, адбылася з ініцыятывы кампаніі "Гавары праўду". Асноўнай тэмай размовы было будаўніцтва так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, паведаміў Бабіч.

"Я распавёў аб працы, якая праводзіцца ў рамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, пра тое, што ўсе гэтыя інсінуацыі — наконт нейкага "паглынання", нейкіх магчымых недружалюбных дзеянняў з боку Расіі ў дачыненні да Беларусі — немагчымыя. Гэта немагчыма нават не тое што палітычна, а ў сілу адносін паміж нашымі людзьмі. І мая задача як амбасадара Расійскай Федэрацыі — зняць гэтую насцярожанасць, даць аб'ектыўную інфармацыю, адказаць на самыя вострыя пытанні", — прыводзіць TUT.by словы расійскага дыпламата.

Бабіч дадаў, што гатовы да такіх сустрэчаў з усімі зацікаўленымі. На пытанне журналіста, ці можа амбасадар сустрэцца з кіраўнікамі апазіцыйных партыяў БНФ, АГП ды іншых, той адказаў: "У межах разумнага, не павінна быць ніякіх абмежаванняў. Наша задача — максімальна сумленна, адкрыта, прафесійна растлумачыць рэальнае становішча спраў, зняць напружанне, насцярожанасць у грамадстве, якая сёння ў асноўным нагнятаецца звонку". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі