Амерыканцы арыштавалі сына дэпутата Дзярждумы РФ
30-гадовага Рамана Селязнёва падазраюць у махінацыях з крэдытнымі картамі і рахункамі.
Спецслужбы ЗША арыштавалі Селязнёва на Мальдывах. Яго бацька Валерый Селязнёў з’яўляецца дэпутатам Дзярждумы РФ ад партыі ЛДПР. Паводле тлумачэньняў уладаў ЗША, Раман Селязнёў быў затрыманы ў мінулыя выхадныя ў аэрапорце сталіцы Мальдываў Мале. Яго адразу даставілі на востраў Гуам, паколькі Селязнёў-малодшы абвінавачваецца ў банкаўскім махлярстве і крадзяжах з крэдытных карт шляхам кампутарнага ўзлому, паведамляе ВВС.
Дэпутат Валерый Селязнёў ужо заявіў, што яго сын не можа быць хакерам-ашуканцам, паколькі з'яўляецца інвалідам – быў цяжка паранены выбухам у Марока тры гады таму.
Абвінавачванні з боку ЗША тычацца перыяду з 2009 года, калі Селязнёў-малодшы яшчэ не быў інвалідам. Тэракт у Маракешы здарыўся ў красавіку 2011 года, а справа супраць Рамана Селязнёва ў штаце Вашынгтон была заведзеная ў сакавіку таго ж года.