Amnesty International — пра рэпрэсіі ў Беларусі
Amnesty International распавяла пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. У дакладзе міжнароднай арганізацыі пра правы чалавека ў свеце сітуацыі ў нашай краіне прысвечаны асобны раздзел. У ім падкрэсліваецца, што новая хваля пераследу іншадумцаў пачалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вынікі якіх не прызнаныя ЕС, ЗША, Украінай і г. д. Адзначаецца, што асуджаны дзясяткі журналістаў і блогераў, заблакаваныя амаль паўтысячы сайтаў і сотні тэлеграм-каналаў, адбылася "зачыстка" грамадзянскай супольнасці. Прыводзяцца прыклады, за што цяпер судзяць беларусаў: напрыклад, за абразу прадстаўнікоў улады, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.
Amnesty International згадвае пра катаванні і жорсткае абыходжанне з асуджанымі пратэстоўцамі ў РБ. Згадваецца смерць у шклоўскай калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.
У дакладзе адзначаецца, што суддзі ў Беларусі дэманстравалі "відавочную перадузятасць на карысць абвінавачання і праваахоўных органаў". Адзначана тэндэнцыя да правядзення закрытых працэсаў над палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.