Amnesty International патрабуе працягу мантада спецдакладчыка ААН па Беларусі

Amnesty International патрабуе працягу мантада спецдакладчыка ААН па Беларусі

Савет ААН па правах чалавека павінен працягнуць мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ў Беларусі. З такой заявай выступіла праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя”. Прадстаўнікі арганізацыі адзначаюць, што вызваленне ў 2015 годзе некалькіх палітвязняў, а таксама пасярэдніцтва Мінска ў перамовах па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны не павінны засціць “жахлівую сітуацыю з правамі чалавека”. Пры гэтым праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ў Беларусі захоўваецца смяротная кара, а асноўныя грамадзянскія правы жорстка абмежаваныя заканадаўствам.

Аўтары заявы адзначылі, што сёлета ў нашай краіне вынесеныя ўжо тры смяротныя прысуды, а адзін чалавек расстраляны. Прычым яго справа знаходзілася на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Гэта ўжо восьмы з 2010 года выпадак, калі расстрэльваюць чалавека, чыёй справай займаецца Камітэт ААН.

Асобную ўвагу праваабаронцы звяртаюць на парушэнні правоў на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, ціск на незалежныя СМІ, журналістаў-фрылансераў і ЛГБТ-супольнасць.

У сувязі з гэтым “Міжнародная амністыя” лічыць неабходным захаваць пасаду спецдакладчыка ААН па Беларусі дзеля забеспячэння кантролю сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне, перадае БелаПАН.

Мандат спецдакладчыка ААН быў заснаваны ў ліпені 2012 годза і затым штогод працягваўся, нягледзячы на негатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Рашэнне аб яго працягу ці прыпыненні павінны прыняць у рамках 32-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, якая праходзіць з 13 чэрвеня па 1 ліпеня ў Жэневе. Перад гэтым удзельнікі сесіі выслухаюць даклад спецдакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харашці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі