Андрэй Кабякоў патэлефанаваў Дзмітрыю Мядзведзеву
Беларускі і расійскі прэм'еры абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
30 сакавіка адбылася тэлефонная гутарка прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева. Прэс-служба Мядзведзева адзначае, што "з ініцыятывы беларускага боку". Акрамя гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва гаворка ішла пра "іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемны інтарэс".
Нагадаем, на мінулым тыдні стала вядома, што Расія прадаставіць Беларусі крэдыт — 110 мільёнаў долараў. Як адзначае газета "Белорусы и рынок", гэта "крытычны мінімум" ад той сумы, якую чакалі ў Мінску. Звяртаецца ўвага на скандал з затрыманнем беларускай мытняй 29 фур з тэлевізійнай тэхнікай з Калінінграда, якую везлі ў Маскву. Якраз Дзмітрый Мядзведзеў абяцаў паспрабаваць вырашыць гэтую праблему з беларускімі калегамі.
Па словах расійскага прэм'ера, ён размаўляў ужо на гэты конт з беларускім прэм'ерам Андрэем Кабяковым. Кабякоў гаварыў, што за пастаўкамі ў Маскву стаялі нейкія "фірмы-аднадзёнкі". Аднак калінінградскія ўлады сцвярджаюць, што правялі праверку і вытворчасці рэальна існуюць.
Фота: ria.ru