Андрэй Курэйчык: Хай “Беларусьфільм” узначальваюць спецыяльна навучаныя людзі
Сцэнарыст, рэжысёр і прадзюсар Андрэй Курэйчык пачынае здымкі новага фільма “Party-Zan фільм”, які пазіцыянуецца як беларуская незалежная моладзевая камедыя. Адзначаць старт новага праекта будуць 2 жніўня. У бары Bristle пройдзе “Party-Zan канцэрт” з удзелам Піта Паўлава, Андрэя Маркуца, Пятра Клюева і гурта Naka. Трапіць на мерапрыемства можна паўдзельнічаўшы ў дабрачынным аўкцыёне па зборы сродкаў на здымкі фільма на краўдфаўндынгавай пляцоўцы Ulej.by.
Напярэдадні вечарыны Андрэй Курэйчык забег у студыю Еўрарадыё, каб падзяліцца планамі на фільм і прымераць ролю дырэктара “Беларусьфільма”. Па-за эфірам рэжысёр распавёў, што цяпер даводзіцца экстранна мяняць месца здымак, бо першапачатковая пляцоўка раптоўна закрылася, але гэта толькі дадало імпэту здымачнай групе. Прэм’ера “Party-Zan фільм” запланаваная на Новы год.
Размова цалкам:
Некаторыя цытаты з размовы:
“Я пісаў сцэнары да навагодніх камедый 10 гадоў, проста яны здымаліся расійскімі кампаніямі. Мне заўсёды было балюча, што мы не можам прапанаваць альтэрнатыву ўсяму гэтаму гламуру і глянцу, які хваляй ідзе з усходу. Вось і вырашылі выйсці такім камедыйным гнілым зубам на фоне гэтай беласнежнай усмешкі і ўзяць долю рынку”.
“Людзі ідуць у кіно, каб убачыць сваю краіну, нешта, што табе блізка і ты разумееш. Мінулы праект “ГараШ” паказаў, што ёсць даволі шмат людзей, гатовых паглядзець у кіно на свае ўласныя Шабаны, а не на Лос-Анджэлес, Маскву ці Піцер”.
“Будзе два героя: айцішнік, бо большасць хлопцаў жадае працаваць на EPAM, Wargaming, і малады бізнесовец з глыбінкі, якіх у нас таксама шмат. Яны, як і большасць беларусаў, хочуць зарабіць адразу і шмат, таму падпісваюцца пад здымкі расійскага ваеннага фільма. Далей іх чакаюць прыгоды”.
“Мы знайшлі тройку маладых герояў, бо хочас, каб у нашым кіно былі свае маладыя зоркі. Але зноў будуць і запрошаныя віпы, якія стануць вялікім сюрпрызам для гледача”.
“Краўдфаўндынгам вельмі складана сабраць грошы на фільм, бо сумы патрэбныя вялікія. Але нават калі ты здаў 10 рублёў на фільм, ты стаў супрадзюсарам незалежнага кіно”.
“Бюджэту ніякага няма. У нас у трупе 30 чалавек, і мы цяпер думаем, як яе карміць 14 дзён запар. Людзі на гэтым праекце рэальна працуюць не дзеля грошай”.
“Мы паставілі сабе мэту адваяваць долю нашага беларускага рынку нашым жа беларускім кіно. А камедыя — адзіны жанр, які ў дадзеных умовах дазваляе гэта зрабіць”.
“Няхай “Беларусьфільм” робіць што пажадае: здымае расійскае, іранскае, кітайскае кіно…. Калі моладзь пойдзе за намі, то мы пераможам”.
“Дырэктарам “Беларусьфільма” быць не хачу, там такая будоўля, што нават падысці немагчыма, так што няхай гэтым займаюцца спецыяльна навучныя людзі”.
Вечарына-святкаванне пачатку здымак “Party-Zan фільм” пачнецца ў 20:00. Будзе такіх канцэртаў 5-7, і, па словах Андрэя Курэйчыка, усе з сюрпрызамі. Так што сачыце за навінамі.